- Подробности
- Опубликовано: 10 Апрель 2019
ДУК “ЦБС бабруйскага раёна”
Рэдкарожская бібілятэка”
Старонкі гісторыі вёскі Брожа
ЛЕГЕНДЫ
Увогуле, даволі цяжка казаць пра Брожу, як пра асобны населены пункт, бо Брожа заўсёды цесна ўзаемадзейнічала з навакольнымі вёскамі. Назва ж яго цікавая, існуе нямала версій і легенд наконт яе паходжання, асноўныя і найбольш цікавыя з якіх мы абавязкова разгледзім. Але спачатку звернемся да кнігі “Памяць”, якая апісвае гісторыю Бабруйскага раёна і кароткую гісторыю яго населеных пунктаў на падставе дакладных дакументальных матэрыялаў і хронік.
"Брожа, вёска і пасёлак з аднайменнай назвай у Брожскім сельскім Савеце. Пасёлак - цэнтр сельсавета і саўгаса імя Ленінскага камсамола, чыгуначная станцыя на лініі Бабруйск - Рабкор. Упамінаецца ў інвентарных актах 1639 года як сяло Бабруйскага староства Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, з'яўлялася дзяржаўнай уласнасцю, працаваў млын. Непадалёк ад сяла знаходзіўся фальварак, два вадзяныя млыны на р.Брожка. На 1798 год 18 двароў, 127 жыхароў. У 1804 годзе пабудавана драўляная царква, у 1849 годзе - новая. На 1847 год - 23 двары, 125 жыхароў.
На пачатку ХХ стагоддзя - сяло, цэнтр воласці Бабруйскага павета; у сяле - валасная сядзіба, царква, непадалёк чыгуначная станцыя Брожа. У 1916 годзе заснаваны лесапільны завод.
Пасля кастрычніцкай рэвалюцыі на базе земскага народнага вучылішча (створана ў 1865г.) адкрыта працоўная школа 1-й ступені, у 1923 годзе ў ёй – 89 вучняў, бібліятэка. У 1922 годзе пачала працаваць хата-чытальня. Непадалёк у лесе была смалакурня.
Цэнтр сельсавета з 1954 года. У 1977, 1978, 1980 г.г. пасёлак Брожа пашыраў свае межы, да яго далучыліся чыгуначная станцыя Брожа, хутар Брожа, вёска Слабодка і пасёлак Смаласкіп. Вёска Слабодка - радзіма Героя Савецкага Саюза А.К.Болбаса.
На пачатак 1997 года 345 двароў, 721 жыхар.
Назва вёскі і ракі Брожка (прыток Бярэзіны), верагодна, балцкага паходжання, прасочваецца сувязь з асновай слова brositi - крыўдзіць (обижати). Гэта назва часта сустракаецца ў Літве. На паўднёвым захадзе Беларусі брожай называюць ягады ядлоўцу. Не выключана сувязь назвы са словам "брод" (бродити), але гэта менш верагодна. Інфармацыя не надта аб’ёмная, але дакладная і пацверджаная.
Хаця нашмат больш пра Брожу можна даведацца ад яе жыхароў. Але, карыстаючыся такой інфармацыяй, часта сутыкаешся з не зусім праўдападобнымі звесткамі: вельмі ўжо любіць народ падмаляваць і дадаць чаго-небудзь свайго. Чаго толькі не пачуеш пра паходжанне назвы! Любы жыхар скажа вам, што назву сваю пасёлак займеў, дзякуючы рацэ Брожцы, але адкуль такая назва ў ракі, ніхто дакладна не ведае. Таму і з’яўляюцца розныя неверагодныя версіі.

Некаторыя мяркуюць, што Брожка – ад слова “брага”, “брадзіць”. Сцвярджаюць, што ў гэтых мясцінах раней гналі брагу ў вельмі вялікай коль-касці. Кажуць нават, што ў самой рэчцы замест вады цякла брага. Але гэтая здагадка не можа прэтэндаваць нават на казачную легенду, яна больш падобная да нечай неажыццявімай мары ці да простага жарту. Ёсць яшчэ адна цікавая легенда, якая, хаця і не з’яўляецца дакументальна пацверджанай, усё ж такі мае права на існаванне. Паводле гэтай легенды, у часы валадарання Кацярыны ІІ у гэтыя мясціны высылалі беглых прыгонных сялян, людзей без пэўнага месца жыхарства, катаржнікаў, гэта значыць, “пакрыўджаных”. Зноў прасочваецца сувязь з асновай слова brositi – “крыўдзіць” (обижати). Вядома, што землі сённяшняга сельсавета ў тыя часы былі пакрытыя непраходнымі лясамі. І менавіта гэтыя катаржнікі займаліся вырубкай лясоў. Але гэтая версія ідзе насуперак найбольш поўнай і дакументальна пацверджанай тэорыі, выказанай у кнізе “Памяць”. Паводле кнігі, Брожа згадваецца з XVI-га стагоддзя, а імператрыца Кацярына ІІ валадарыла ў XVIII-м, таму за аснову ўсё ж такі варта ўзяць версію, выказаную ў кнізе “Памяць”, хаця і там ёсць слова “верагодна”. Такім чынам, дакладнага адказу на наша пытанне пакуль што няма.
СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ
За сваю даволі доўгую гісторыю Брожа перажыла вельмі многае: Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітую і яе падзелы, нашэсце процьмы Напалеона, першую сусветную вайну, усталяванне савецкай улады, продразвёрстку, раскулачванне, сталінскія рэпрэсіі, Вялікую Айчынную вайну, хрушчоўскую адлігу і брэжнеўскі застой, перабудову і развал СССР, які пацягнуў за сабой мноства негатыўных наступстваў.
Віхраслупам пракацілася Вялікая Айчынная вайна па нашых землях. Не было чалавека, каго б яна не кранула. У Брожы загінулі 265 жыхароў. Чалавечыя лёсы паламаліся як сухія галінкі ў руках фашысцкай ваеннай машыны.
Быў такі выпадак. Малады салдат, нічога не падазраючы, прыехаў дахаты ў водпуск, а там ужо немцы. Для застрашвання ці дзеля пацехі яго расстралялі на вачах у аднавяскоўцаў. Але вельмі хутка фашыстам стала "горача”: практычна адразу з пачаткам вайны сталі стварацца партызанскія атрады, а дрымучыя непраходныя лясы і балоты гэтых месцаў служылі надзейнай хованкай для народных мсціўцаў. Так, падчас чарговай баявой аперацыі партызан Пелагейка зарэзаў начальніка паліцыі Чырэя, які ўжо вельмі хацеў выслужыцца Вермахту. На кожную партызанскую вылазку гітлераўцы адказвалі расстрэлам мірных жыхароў і спальваннем вёсак. Так, пасля разгрому партызанамі атрада паліцаяў пад камандаваннем Бека, немцы практычна цалкам знішчылі вёску Пятровічы.
Пасля вайны жыхарам Брожы, як і мільёнам іншых суайчыннікаў, прыйшлося наладжваць сваё жыццё нанова. Не засталося практычна нічога. Яшчэ шматлікія жыхары памятаюць, як для ежы даводзілася збіраць мёрзлую бульбачку з палёў. Страва з такога прадукта звалася "ташноцікамі". Назва яго кажа сама за сябе. Разруха, голад, эпідэміі - пастаянныя спадарожнікі любой вайны - паступова былі пераможаны. Сваёй карпатлівай і непамерна цяжкай працай людзі перасілілі ўсе нягоды. Як распавядаюць брожскія старажылы, удзельнікі тых падзей, даводзілася працаваць ад цямна да цямна. І яшчэ даволі працяглы час пасля вайны людзі за сваю працу атрымлівалі толькі "галачкі-працадні", якія практычна нічога не значылі.
Асобнай гаспадаркай саўгас імя Ленінскага камсамола стаў толькі ў красавіку 1969 года, датуль ён лічыўся брыгадай Бабруйскай (Вішнёўскай) птушкафабрыкі. Саўгасу было вызначана мяса-малочнае і агародніцкае накірункі спецыялізацыі. У лепшыя часы жыцця саўгаса на фермах утрымлівалася больш 3 тысяч галоў буйнай рагатай жывёлы. І, магчыма, з гадамі гэта лічба вырасла б, калі б не надышлі смутныя часы. Што было далей, верагодна, памятаюць многія.
Але нягледзячы ні на што, улетку 2009 года Брожа адзначыла слаўны юбілей - 370-годдзе з часу першага ўпамінання ў афіцыйных дакументах. Гэты юбілей быў таксама прымеркаваны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году роднай зямлі.
ДЗЕНЬ СЁННЯШНІ
На сённяшні дзень у пасёлку Брожа пражывае 581 жыхар, у вёсцы Брожа - 44. Дэмаграфічная сітуацыя, на жаль, не цешыць: памірае ў пяць разоў больш, чым нараджаецца. Яшчэ адной вялікай праблемай з'яўляецца ўрбанізацыя - людзі імкнуцца з'ехаць у горад. З больш за паўтара дзесятка апытаных маладых людзей, якія пражываюць у п.Брожа, ніводны не выявіў жадання жыць менавіта тут, ды і наогул у сельскай мясцовасці. У прынцыпе, іх можна зразумець, бо перспектыў тут не вельмі шмат. Брожа мае патрэбу ў вытворчасці, патрэбныя працоўныя месцы з годнай зарплатай. Патрэбна таксама і больш развітая інфраструктура.
Але тыя, хто жыве тут, усёй душой хварэюць за мястэчка, робяць яго чысцей, прыгажэй, утульней.
![]() |
![]() |
Брожа, як і іншыя вёскі Брожскага сельскага Савета, стаіць у акружэнні лясоў. Тут вельмі прыгожа ў любую пару года!
Варта адзначыць, што сёння ў Брожы маецца царква, пошта, ашчадкаса, тры крамы, лясніцтва, чыгуначная станцыя, клуб-бібліятэка, сярэдняя школа, у якую два школьныя аўтобусы дастаўляюць дзяцей з усіх найблізкіх вёсак: Стасеўкі, Казакова, Вішнёўкі і інш. У цэнтры Брожы - двухпавярховы будынак сельскага Савета (калісьці было кіраванне саўгаса), які прыкметна змяніўся пасля рамонту. Дарэчы, калісьці на гэтым месцы стаяла праваслаўная царква, але савецкая ўлада, прыйдучы ў Брожу, вырашыла не дзяліць народнае каханне з рэлігіяй: царква была па-варварску знішчана. На яе месцы з'явіўся клуб. Старажылы распавядаюць, што калі ў новым клубе ўпершыню ўладкавалі танцы і сюды прыйшло шмат моладзі, пачалася нябачаная па сваёй сіле навальніца. Ад грому скаланаліся сцены, маланкі сыпаліся з неба агністым дажджом. І страх ахапіў усіх, бо савецкі атэізм яшчэ не паспеў увабрацца ў маладыя розумы, пагэтаму ўсе вельмі спалохаліся божай кары за разбураны храм. Вечар быў безнадзейна сапсаваны. Вось такая містычная гісторыя.
Але вось ужо некалькі гадоў у Брожы працуе новая царква. Не на старым месцы, вядома, але ўсё ж.

ГОРДАСЦЬ ЗЯМЛІ БРОЖСКАЙ
Болбасы, Верасы - па ўсёй Беларусі і за яе межамі мы можам сустрэць гэтыя прозвішчы, якія ў большасці сваёй сыходзяць каранямі менавіта ў брожскія месцы. Дарэчы, на знакамітасцяў гэтыя землі значна багацей, чым на карысныя выкапні.
Вось гэтыя знакамітыя людзі:
Болбас Аляксандр Карпавіч - Герой Савецкага Саюза;
Крынчык Георгій Сяргеевіч - прафесар МДУ;
Тоўсцік Анастасія Палікарпаўна - Заслужаны настаўнік Беларусі;
Болбас Міхаіл Мацвеевіч - дырэктар Інстытута інавацыйных тэхналогій, г.Мінск;
Болбас Валерый Сяргеевіч - першы прарэктар Мазырскага дзяржаўнага педінстытута імя І.Шамякіна;
Бокі Іван Іванавіч - галоўны мастак часопіса "Вожык";
Янчанка Мікалай Ігнацьевіч - паэт (настаўнік гісторыі Брожскай СШ у 1956-57 г.г.);
Ахраменка Мікалай Ігнацьевіч - дацэнт Акадэміі МУС, г.Мінск і шматлікія іншыя.
Чаго толькі каштуюць дасягненні Крынчыка Г.С.: фізік, скончыў фізмат МДУ (1950 год). Кваліфікацыя - фізік-магнітолаг. Кандыдат фізіка-матэматычных навук (1953), доктар фізіка-матэматычных навук (1963), прафесар кафедры магнітызма фізічнага факультэта (1967). Распрацаваў праграмы і чытае лекцыі ў МДУ па спецкурсах. Узнагароджаны медалём за лепшую навуковую працу (1983).
- Подробности
- Просмотров: 6043



