Russian Belarusian

Дзень Прачыстай (28 жніўня) некалі ў вёсцы Іванаўка лічыўся як прастольнае свята: у дамах накрываліся святочныя сталы, з’яжджаліся госці з іншых вёсак, гучалі вясёлыя песні.

Гэта адно з галоўных сельскагаспадарчых святаў. ”Першая Прачыста - стала ў полі чыста”: у гэтыя дні заканчвалася жніво. З гэтага дня паўсюдна пачыналіся карагоды і вясельныя абрады.

І вось ужо каля 15 гадоў у вёсцы зарадзілася традыцыя святкаваць свята вёскі ў гэты дзень. Гэты год не стаў выключэннем: у сельскім клубе разгарнулася святочная пляцоўка, гучалі песні мясцовага творчага калектыву і гасцей мерапрыемства, дзіцячы калектыў падрыхтаваў танцы. А бібліятэкар прадставіла кніжныя выставы “Самабытныя старонкі Беларусі” і “Беларусам я завуся, роднай вёсачкай ганаруся” (апошняя прымеркавана да Году малой радзімы). Наведвальнікаў цікавіў матэрыял пра сваіх землякоў, сабраны на выставе. А са святочнай сцэны гучалі словы ўшанавання і ўдзячнасці лепшым чытачам бібліятэкі ў намінацыях: “Бібліятэчны заўсягдатай”, “Самы старэйшы чытач”, “Сябры бібліятэкі”, “Самы тоўсты фармуляр”, “Сямейны фармуляр”, “Містэр дэтэктыў”, “Самы маленькі чытач”. Прыемна, што мерапрыемства падаравала масу станоўчых эмоцый наведвальнікам.