Russian Belarusian

У дзяржаўнай установе культуры “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна” з 2007 года рашэннем Бабруйскага райвыканкама ад 04.07.2007 года на базе аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі створана перасоўная бібліятэка (бібліобус) для арганізацыі культурнага абслугоўвання маланаселеных і аддаленых пунктаў.  Дзякуючы сваёй мабільнасці і гібкасці ў арганізацыі абслугоўвання насельніцтва бібліобус становіцца неад’емнай і перспектыўнай часткай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі і адной з галоўнай састаўляючай у жыцці карыстальнікаў аддаленых вёсак і маланаселеных пунктаў.

Сёння ў зону абслугоўвання бібліобуса ўваходзіць 20 населеных пунктаў, у межах якіх створаны 34 стаянкі. Бібліятэчнае абслугоўванне праводзіцца як на даму, так і па месцы работы. Планаванне культурна - масавых мерапрыемстваў мабільнай бібліятэкі ў Год малой радзімы было вызначана з улікам календара дзяржаўных свят, памятных дат і святочных міжнародных дзён. У планах работы бібліятэкараў цэнтральнай бібліятэкі абслужыць у Год малой радзімы каля 1000 карыстальнікаў мабільнай бібліятэкі.

Сапраўднай падзеяй стаў прыезд бібліобуса 16 мая 2018 года ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і інвалідаў у в. Вішнёўка. Сумеснымі намаганнямі бібліятэкараў, актыўных карыстальнікаў была праведзена акцыя павагі да сталых людзей “Дом з кнігай - дом без адзіноты”. Вынік акцыі - 70 экзэмпляраў мастацкай, духоўнай і краязнаўчай літаратуры перададзена ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Бібліятэкары не толькі правялі абмен кніг, часопісаў, але і прынялі заказы ад пражываючых на новую літаратуру.

Далейшы маршрут перасоўнай бібліятэкі пралягаў у в. Стасеўку. Тут, на базе Стасеўскага фельчарска-акушэрскага пункта для грамадзян была запланавана гадзіна здароўя “Сезонныя захворванні: прафілактыка і лячэнне”. З важнымі інфармацыйнымі матэрыяламі выступіла перад прысутнымі загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Ліцкевіч Т.І. Бібліятэкары падрыхтавалі для грамадзян кніжную паліцу “Вясна - час не хварэць1!” і распрацавалі цыкл памятак – рэкамендацый і закладак па тэме.

Не забылі бібліятэкары ў гэты дзень і шматдзетныя семьі Гальцавых і Аўрамчыкаў. Усяго ў гэты дзень абслужана кнігай 30 дзяцей, выдадзена ім 88 кніг і часопісаў.

Асобныя словы падзякі хочацца адрасаваць самаму актыўнаму чытачу мабільнай бібліятэкі, былой настаўніцы пачатковых класаў Стасеўскай школы Гарбачэўскай Ніне Пятроўне. У свае 83 гады яна не толькі шмат чытае, але гэта вельмі граматны і эрудзіраваны чытач, цікавы субяседнік, добразычлівы і інтэлігентны чалавек.

Сёння перасоўная бібліятэка дазваляе жыхарам Бабруйшчыны карыстацца інфармацыйнымі, сэрвіснымі, адукацыйнымі паслугамі, даставіць у кожны дом навінкі кніжнага сусвету.