- Подробности
- Опубликовано: 27 Март 2018
Кожную вясну, як толькі надыходзяць канікулы, усе дзеці нашай краіны адзначаюць Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, музыкі і тэатра. Гэта свята ўсіх, хто сябруе з кнігай - пісьменнікаў, чытачоў, выдаўцоў, мастакоў-ілюстратараў, бібліятэкараў. Па ініцыятыве вядомага дзіцячага пісьменніка Л.Касіля, адзначаць свята “Кніжчыных імянін” стала добрай традыцыяй для ўсіх аматараў чытання.
24 сакавіка дзяржаўная ўстанова адукацыі “Варатынская сярэдняя школа” стала месцам урачыстага адкрыцця раённага Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, музыкі і тэатра, які прысвечаны Краіне Кіно, Казак, Цудаў і Чараўніцтва. Добрыя словы пра кнігу агучыла ў сваім выступленні намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі Галіна Буткевіч, якая павіншавала дзяцей са святам і пажадала ім творчых, цікавых і карысных сустрэч з героямі кніг. Разам з бібліятэкарам дзеці адправіліся ў вандроўку па роднаму краю, успомнілі аб нашых каранях, аб праслаўленых пісьменніках, ураджэнцах Бабруйшчыны, якія ўпісалі свае імёны ў гісторыю сваёй малой радзімы, роднай краіны. Кніжная выстава-знаёмства “Калі чытанне – гэта свята!” стала прыемнай сустрэчай дзяцей з кнігамі пісьменнікаў-юбіляраў 2018 года.
У сапраўднай казачнай краіне пабывалі вучні Варатынскай сярэдняй школы, бо сталі ўдзельнікамі мультымедыйнай конкурсна-гульнёвай праграмы ”У свеце кнігі, музыкі, тэатра і кіно”, якую падрыхтавалі і адмыслова правялі супрацоўнікі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці Бабруйскага раёна”. Вядучая праграмы педагог-арганізатар Наталля Савасцей прапанавала гледачам адправіцца ў займальнае падарожжа, а, каб падарожжа было цікавым і карысным, трэба было ўзяць з сабою кемлівасць, веды і добры настрой.
На першым прыпынку “У свеце кнігі і тэатра” дапытлівыя падарожнікі разам з казачным героем Мальвінай прынялі ўдзел у казачнай эстафеце “Кот у ботах” і конкурсе “Якому казачнаму герою належаць гэтыя прадметы?”. Толькі глыбокія веды, эрудыцыя і проста любоў да казкі дазволіла ўдзельнікам гульні правільна пазнаць усіх герояў.
Далейшы маршрут пралягаў праз станцыю “У свеце кіно“. Дзеці прынялі ўдзел у конкурсе “Кінапробы”, пазнаёміліся з прафесіямі сцэнарыста, кінарэжысёра, кінааператара, грымёра, касцюмера, рыхтавалі для прагляду фільм у конкурсе “Зматаць плёнку”, і, нават, пабывалі ў ролі гукарэжысёра.
Конкурсы “Музычнай шкатулкі”, якая падрыхтавала для хлопчыкаў і дзяўчынак шмат цікавых сюрпрызаў, прайшлі ў “канцэртнай зале” на станцыі “У свеце музыкі”. Юныя гледачы паспяхова справіліся з заданнямі конкурсаў “Угадай мелодыю”, “Музычныя загадкі”, “Галасы музычных інструментаў”.
Пакуль удзельнікі гульні падарожнічалі па Краіне Кніг, Музыкі, Тэатра і Кіно”, выхаванка гуртка эстраднага спеву Цэнтра творчасці Маргарыта Галавач дарыла ім свае лепшыя песні. Вядучая праграмы Н.Савасцей ухваліла ўдзельнікаў конкурсна-гульнёвай праграмы і ўручыла ім салодкія прызы.
Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, музыкі і тэатра, які стартаваў у Бабруйскім раёне, падарыў хлопчыкам і дзяўчынкам цудоўную магчымасць стаць удзельнікамі шматлікіх мерапрыемстваў, якія будуць праведзены у бібліятэках і школах.
У межах праграмы Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі “Калі чытанне – гэта свята!” у цэнтральнай бібліятэцы падрыхтаваны наступныя мерапрыемствы: “Ад слоў кніжных маем мы мудрасць”-дзень гістарычнай асобы паводле кніг У.Бутрамеева, “Наша візітная картка” - дзень бібліятэчнага сайта, “Кніжчыны сакрэты адкрываюць дзеці” - бібліятэчны дэсант у дзіцячым садку, ”Паэт з краіны дзяцінства” - дзень юбілею С.Міхалкова, “Канікулы з любімым часопісам і кнігай” - дзень прыемных сюрпрызаў.
Чакаем Вас на нашых мерапрыемствах!
- Подробности
- Просмотров: 1194

