Russian Belarusian

Для дзяржаўнай установы культуры “ЦБС Бабруйскага раёна” стала добрай традыцыяй разгортваць сваю бібліятэчную пляцоўку ў межах работы фестывалю народнай творчасці і рамёстваў “Глушанскі хутарок”. На тэматычнай пляцоўцы “Глуша: экскурс у гісторыю” гасцей шчыра сустракала бібліятэкар Глушанскай бібліятэкі Ганна Цішкевіч. Яна падрыхтавала для наведвальнікаў пляцоўкі прэзентацыю краязнаўчых альманахаў “Летапіс пасёлка Глуша” і “З гісторыі шклозавода “Камінтэрн”. Госці фестывалю маглі азнаёміцца таксама з некалькімі інфармацыйнымі выданнямі: “Нам жыць і помніць” - успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны п. Глуша, “Музей рамёстваў “ – гісторыя стварэння, “Знатныя землякі глушанскай зямлі” і іншыя. Прадстаўлены былі на кніжнай выставе і рарытэтныя экзэмпляры: фотаздымкі апошняга выпуску польскай школы завода імя Камінтэрна 1934-1935 гадоў выпуску і першага выпуску 10 класа Камінтэрнаўскай сярэдняй школы 1938- 1939 гг.

Вялікую ўвагу арганізатары пляцоўкі ўдзялілі творчасці пісьменніка Алеся Адамовіча, імя якога шырока вядома ў Рэспубліцы Беларусь. Кніжная выстава - ушанаванне “Алесь Адамовіч: праўда жыцця” прыцягвала ўвагу прыхільнікаў таленту знакамітага земляка. Тут жа, на бібліятэчнай пляцоўцы адбылася  і творчая сустрэча гурткоўцаў Цэнтра дзіцячага турызму “Бабраня” і іх кіраўніка Людмілы Дабравольскай з дачкой пісьменніка - Наталляй Аляксандраўнай Адамовіч.