- Подробности
- Опубликовано: 04 Апрель 2017
Кніга – настаўнік без платы і ўдзячнасці. Кожнае імгненне дарыць яна адкрыццё мудрасці. Гэта найбольшы чалавечы скарб і яна вечная, як культурная спадчына нацыі.
Далучыць дзяцей да чытання, арганізаваць і правесці пэўную колькасць творчых сустрэч, прэзентацый новых выданняў і кніг пісьменнікаў – юбіляраў 2017, экскурсій па бібліятэцы цікавых і грунтоўных даў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, які з поспехам прайшоў у цэнтральнай бібліятэцы і сельскіх бібліятэках - філіялах у час веснавых канікул. У гэтым годзе ён меў назву “Кніжная краіна сяброў”. Адкрыццё Тыдня адбылося 25 сакавіка на базе ДУА “Глушанская сярэдняя школа”. Бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі і Цэнтра дзіцячай творчасці Бабруйскага раёна падрыхтавалі цікавую і займальную праграму “Свята ўсіх, хто любіць кнігу, музыку і мастацтва”. Юным гледачам былі прадстаўлены: літаратурна-музычная кампазіцыя “Максім Багдановіч і Міхаіл Лермантаў: жыццёвыя і творчыя паралелі”, агляд кніг пісьменнікаў – юбіляраў 2017 года “Юбілей класікаў – свята народа”, бюро літаратурных навінак “Літаратурны кантынент: навінкі сучаснай мастацкай літаратуры”, конкурсна – гульнёвая праграма “У свеце прафесій”.
Дзень ваеннай кнігі “Жывое слова пра вайну”, які быў прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння пісьменніка-земляка Алеся Адамовіча, прадоўжыў праграму Тыдня. Бібліятэкары падрыхтавалі для сваіх карыстальнікаў акцыю “Бабруйшчына чытае Адамовіча”, выставу – прагляд “Алесь Адамовіч: праўда жыцця”, электронную прэзентацыю “Алесь Адамовіч – сведка вайны”. Дзякуючы супрацоўніцтву з КУП “Бабруйсккіно”, дзеці мелі магчымасць прагледзець урыўкі кінастужкі “Ідзі і глядзі” па творах Алеся Адамовіча.
Трэці і чацвёрты дзень Тыдня былі прымеркаваны да 135-гадовага юбілею вялікіх песняроў, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, які будзе шырока адзначацца ў 2017 годзе ў нашай краіне і па-за яе межамі. Бібліятэкары прапанавалі юным карыстальнікам літаратурна- музычную кампазіцыю Ад настаўніка для народа – да народнага песняра…” пра знакавую для Беларусі постаць Якуба Коласа і турнір знаўцаў “Зорка Янкі Купалы". Да гэтых знакавых юбілеяў у цэнтральнай бібліятэцы разгорнута кніжная выстава – ўшанаванне “Твае Песняры, Беларусь!”.
Адзін з дзён Тыдня быў прысвечаны беларускаму першадрукару Францыску Скарыне, 500-годдзе з пачатку выдавецкай дзейнасці якога мы будзем адзначаць у гэтым годзе. У рамках мерапрыемства “Сонца Францыска Скарыны” бібліятэкары падрыхтавалі для юных карыстальнікаў экскурс у гісторыю “Францыск Скарына - беларускі асветнік”, медыягадзіну “Тайны вялікага асветніка”, прэзентацыю кнігі серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” – А.Суша “Францыск Скарына” і новага выдання кнігі А.Клышкі “Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга”.
Заключны дзень Тыдня быў прысвечаны знамянальнай даце - 630-годдзю г. Бабруйска. У час мерапрыемства “Мой край – часцінка Беларусі” бібліятэкары разам з вучнямі адправіліся ў завочную вандроўку па Бабруйску, прагледзелі мультымедыйную прэзентацыю “Турыстычнымі сцежкамі Бабруйшчыны”, пазнаёміліся з новымі выданнямі, прадстаўленымі на кніжнай выставе “Бабруйск – культурная сталіца Беларусі- 2017”.
- Подробности
- Просмотров: 1637

