- Подробности
- Опубликовано: 28 Март 2017
21 сакавіка ў Сусветны дзень паэзіі ў цэнтральнай бібліятэцы, ў рамках работы літаратурнага салона “Камертон” адбылася вечарына-сустрэча з бабруйскай паэтэсай Лілеяй Касцян, якая прэзентавала свой зборнік вершаў «Аловак святла».
Вершы Лілеі Касцян друкаваліся ў газетах “Бабруйскае жыццё”, “Трыбуна працы”, у часопісе “Благодатъ”.
“Для мяне паэзія - гэта лад жыцця. Не пісаць не магу,” - распавяла прысутным паэтка. “Мае вершы могуць нарадзіцца літаральна з усяго: і з шолаху лістоты, і з нейкіх глабальных падзей, і проста з майго настрою”.
З цеплынёй і ўдзячнасцю сустракалі слухачы творчасць паэткі, вершы якой гучалі на роднай беларускай мове.
Няма беларусаў без роднае мовы
За здраду прысуд быў заўсёды суровы,
Мы моваю продкаў сваіх пагарджаем,
Чужыя мы ведаем, роднай не знаем.
Асабліва кранальнымі з’явіліся радкі з апісаннем хараства роднай прыроды, успаміны дзяцінства.
Над хатамі дымок бруіць,
Ды пад нагамі снег рыпіць.
Прыгожы маладзік рагаты,
Дарогу свеціць нам да хаты.
Той дзіўнай ночы хараство,
Глыбока ў сэрцы залягло,
Заўжды, як бачу зоркі ноччу,
Па небе я ў дзяцінства крочу.
Вясна, я па табе сумую.
Стаіць за вокнамі мароз,
А я ў паветры водар чую
Адтаўшых трапяткіх бяроз.
Напрыканцы свята Лілея Касцян з удзячнасцю падаравала бібліятэцы зборнік вершаў “Аловак святла” з надпісам-пажаданнем “Шануйце родную мову!”
- Подробности
- Просмотров: 1484

