Russian Belarusian

 25 сакавіка юныя акцёры, члены тэатральнага гуртка “Маскі” дзяржаўнай установы адукацыі “Туголіцкая СШ” завіталі ў в. Глуша на ўрачыстае адкрыццё Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі, музыкі і тэатра ў Бабруйскім раёне.

Тут, на падмостках сцэны Глушанскай СШ адбылася прэм’ера літаратурна – музычнай кампазіцыі “Міхаіл Лермантаў і Максім Багдановіч: жыццёвыя і творчыя паралелі”, якая была прысвечана класікам беларускай і рускай літаратуры Максіму Багдановічу і Міхаілу Лермантаву. Юныя акцёры пранікліва чыталі вершы бессмяротных і вечна маладых Максіма Багдановіча і Міхаіла Лермантава. Літаратурна - музычная кампазіцыя атрымалася вельмі сцэнічнай, жывой, каларытнай па мовах. Музычнае суправаджэнне і электронную прэзентацыю да кампазіцыі, якія вельмі дапаўнялі мерапрыемства, распрацавала загадчык мастацкага аддзела цэнтра творчасці Алена Смарок. Як зазначыла кіраўнік тэатральнага гуртка Валянціна Пруднікава, кампазіцыя паэтызуе самае глыбокія чалавечыя пачуцці - каханне, неўміручасць народнага мастацтва, вернасць мастака свайму народу. Юныя акцёры Туголіцкай сярэдняй школы змаглі гэта вельмі яскрава і вобразна перадаць.

Звяртаючыся да гледачоў, намеснік дырэктара па рабоце з дзецьмі цэнтральнай бібліятэкі Галіна Буткевіч падкрэсліла значэнне кнігі і мастацтва ў нашым жыцці. Юным гледачам былі адрасаваны выстава - прагляд “Кніжная краіна сяброў”, агляд кніг – пісьменнікаў – юбіляраў 2017 года “Юбілей класікаў – свята народа”, бюро літаратурных навінак “Літаратурны кантынент: навінкі сучаснай мастацкай літаратуры”.

Заключным момантам свята стала конкурсна – гульнёвая праграма “У свеце прафесій”, якую бліскуча правяла педагог- арганізатар Цэнтра дзіцячай творчасці Бабруйскага раёна Наталля Савасцей. Удзельнікі дзвюх каманд

“Дружба” і “Аптымісты” па чарзе прымалі ўдзел у конкурсах “Размінка”, “Каму што патрэбна”, “Пантаміма”, “Дэтэктыў”, “Пабудуем дом”, “Чорная скрынка”, “Раскажы пра сябе”. Усе ўдзельнікі конкурснай праграмы атрымалі ва ўзнагароду салодкія прызы.