- Подробности
- Опубликовано: 22 Апрель 2024
Дзяржаўная установа культуры
«Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна»
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу
Малая радзіма: Каменка
Краязнаўча-інфармацыйныя матэрыялы
КАМЕНКА ў легендах і паданнях
У народзе існуюць легенды пра паходжанне назвы вёскі. Расказваюць, напрыклад, што жыў у гэтай мясцовасці пан і любіў ён, каб яму прыслугоўвалі прыгожыя маладзіцы. Асабліва падабалася Кацярынка. Але сэрца яе было аддадзена прыгожаму хлопцу Пятру. З панскай хаты нельга было адлучацца. А яна не паслухалася, і на таемных сцяжынках сустракалася з каханым. Знайшліся людзі, якія выдалі яе. Пан так раз'юшыўся, што ўвечары,
калі Кацярынка, аглядваючыся, бегла да Пятра, напусціў сабак, і яны каля вялікага каменя разарвалі яе. З-пад каменя праліліся слёзы Кацярынкі, прабілася крынічка. Непадалёку з'явілася паселішча, яго і назвалі Каменка. Некалькі стагоддзяў цёк ручай. Быў звычай перад вяселлем нявесце памыць у ім кашулю жаніха, каб доўгім і моцным было каханне. Але адна жанчына пазайздросціла шчасцю маладых і выкупала ў крынічцы сабаку. З тых часоў ручай знік, як яго і не было.
Ёсць і другая легенда.
Жыў у гэтых краях стары, якога ў народзе звалі Музей. Усё ў яго было незвычайным. Вопратку насіў расшытую арэхамі ды каштанамі, з распіснымі арэхамі ды каштанамі, з распіснымі гузікамі. Шапка была з самай сапраўднай яжовай скуры. І палка, на якую абапіраўся ён пры хадзе, была ў розных узорах, а на рукаятцы – галовы вожыка і вароны. Збіраў дзед медалі, старыя дакументы і розныя цікавыя рэчы. Не пералічыць, колькі ён ведаў розных гісторый. Ад яго і пачулі легенду пра камень.
У даўнія поры жыў на Каменнай гары непадалёк ад вёскі страшны і злосны дракон. Пабудаваў ён там сабе логавішча з вялікіх камянёў-валуноў, якія збіраў па ўсёй акрузе. Час ад часу прылятаў той страшны дракон у вёску, каб даніну сабе збіраць. Нямала гора ад яго людзі нацярпеліся. Неяк раз ляцеў дракон да свайго жылля, а ў лапах кіпцюрыстых вялізны камень трымаў. Раптам цёмная хмара неба зачыніла, сонейка апанавала, стукнуў гром, неба прарэзала маланка незвычайнай сілы. Спалохаўся дракон, выпусціў камень. І паляцеў са страху як мага далей ад гэтага месца. З тых часоў дракона ў гэтых краях больш ніхто не бачыў. А камень той так і застаўся ляжаць на ўскраіне вёскі, якую і назвалі - Каменкай.
Месца, названае жыхарамі в. Каменка Каменнай гарой, існуе і ў рэчаіснасці. Гэтае камяністае ўзвышша знаходзіцца ў ляску кіламетрах у пяці ад вёскі.
Існуе і яшчэ адна версія, якая мае і не столькі шмат агульнага з легендамі і выдумкамі. Мяркуецца, што дзесьці паблізу ад Каменнай гары некалі было язычніцкае капішча, дзе стаялі каменныя ідалы старажытных славянскіх багоў, якім маліліся нашы продкі.
Сапраўдная гісторыя
У даўнія часы на тэрыторыі Каменкі былі непраходныя балоты. У лясах расло шмат грыбоў і ягад. Было і шмат крынічак, адкуль і пайшла назва Водаль. Калі людзі хадзілі па ягады, глеба пад нагамі хадзіла хадуном. Па правы бок дарогі, што вядзе на Грабава, яны зрабілі насціл з галля і па ім спускаліся да неглыбокіх азёр, каб памыць бялізну. Старажылы ўспаміналі, што участак, па якому праходзіла гэтая дарога, называўся Прэлае балота. Потым яго асушылі.
Па ўспамінах старажылаў, засяленне вёскі пачалося ў 80-ыя гады ХІХ стагоддзя. Першымі сялілся Дражыны, Бародзічы, Галавачы, Хамічэнка. З розных месцаў прыязджалі сяляне, куплялі ў памешчыка зямлю. Людзі, якія насялялі паўночную частку вёскі, мелі вялікія надзелы, але ў гэтай частцы пражывала нямнога людзей. Таму і называлася—Малая Каменка, а людзей называлі малакаменцамі. У паўднёвай частцы людзі мелі ў сваім карыстанні мала зямлі, але тут пражывала вялікая колькасць сямей. Таму гэтая частка называлася Вялікая Каменка, а жыхары—вялікакаменцы.
На пачатак 20-га стагоддзя існавалі Вялікая і Малая Каменкі, якія адносіліся да Гарбацэвіцкай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні.
У Вялікай Каменцы па дадзеных на 1 студзеня 1909 года было 33 двары, 313 жыхароў. У Малой Каменцы—30 двароў, 165 жыхароў.
Невялікая частка зямель тут належала Палфёраву-Распопіну Якаву Якаўлевічу, выкладчыку Чырвонабярэжскага тэхнікума, са студзеня 1922 г. па студзень 1923 г.—яго дырэктару.
З успамінаў жыхара вёскі Каменка Глінскага Івана Міхайлавіча.
Успамінае Іван Міхайлавіч, што некалі непадалёку ад аўтобуснага прыпынку “Малая Каменка” стаяла драўляная каплічка і была ў ёй “иконка изукрашенная”. А на другім баку вуліцы—слуп драўляны з надпісам: “Вёска Малая Каменка, 40 дамоў, столькі-та мужчын ды жанчын”.
Паважалі мясцовыя сяляне памешчыка Палфёрава Якава Якаўлевіча, паміж сабой мужыкі звалі яго проста—Палфера. Вельмі багатым Палфера не быў. Усяго і трымаў 5-6 кароў, быка, аднаго выязнога каня і трох рабочых. Меў ён каля 40 гектараў навакольных зямель, з іх гектараў дваццаць каля Туголіцы адводзілася пад укосы.
Палі, якія належалі яму, Палфёраў выкарыстоўваў для сваіх навуковых даследаванняў. Не проста вырошчваў традыцыйныя культуры: жыта, авёс, бульбу, - але выкарыстоўваў навейшыя па тых часах дасягненні сельскагаспадарчай навукі. Выпісваў з заходніх дзяржаў розныя мінеральныя ўгнаенні, уводзіў усялякія новаўвядзенні. Чалавекам быў вельмі адукаваным. Ведаў чужаземныя мовы, а ў сваім доме меў вялікую, па тых часах, бібліятэку.
Іван Міхайлавіч працаваў у памешчыка пастухом і бываў у яго ў доме. Там ён бачыў цэлы пакой, які знізу даверху быў застаўлены кнігамі. Былі сярод кніг і казкі, якія так любілі слухаць сялянскія дзеці, калі чытала іх жонка памешчыка Любоў Васілеўна. Па словах сведкі, добрая была жанчына. Часта яе бачылі, калі яна праязджала на двуколцы па вёсцы. Любіла яна паразмаўляць з мясцовымі дзецьмі, параспытаць, хто ёсць чый, здаралася і насы сваёй хусьцінкай выцірала.
Было ў Палфёравых трое сыноў. Разам з бацькамі яны прыязджалі на лета ў маёнтак. А зімой уся сям’я жыла ў Пецярбурзе.
З пакалення ў пакаленне перадаецца мясцовымі жыхарамі аповед пра одно здарэнне, якое ледзь не стала для сяльчан трагедыяй. Было гэта ў час вайны чатырнаццатага года. У вёсцы стаялі немцы. І вось аднойчы каля шлагбаўма на ваколіцы “дзеравенцы тых немцаў паставых забілі”. Для разбору такога выпадку прыехаў з Бабруйска сам нямецкі камендант. Сабралі немцы ўсіх дарослых мужчын, выстраілі ў рад на полі ў канцы вёскі: не выдадзіце тых, хто забіў салдат—кожнага трэцяга растраляем… Затаіла дыханне вёска: што ж будзе… А выручыў усіх Палфера. У той дзень быў Палфёраў дома, а як даведаўся пра здарэнне, прыйшоў на поле, дзе немцы разбор учынілі. Доўга гаварыў Палфера з нямецкім камендантам аб чымсьці па-нямецку і, відаць, пераканаў. Распусцілі ўсіх мужыкоў па хатах.
Ужо пасля рэвалюцыі Палфёрава арыштавалі. Гаварылі, што так у турме ён і загінуў. Ужо ў 50-ыя гады прыязджалі у Каменку сыны Палфёрава, з вясковымі размаўлялі, хто бацьку памятаў, дом фатаграфавалі.
Аб сялянскім жыцці.
Сям’я, у якой вырас Іван Міхайлавіч, была вялікая: бацька, маці, дзядзька з жонкай ды 9 дзяцей. Трымалі на ўсю сям’ю аднаго каня. Ды і таго, калі вайна здарыцца, кожны раз забіралі. Купляй потым новую… Бацька расказваў Івану Міхайлавічу, што так было заўсёды. Забіралі коней як рускія з туркамі ваявалі, з японцамі, немцамі. А ўжо апошняга каня ў дваццаць першым годзе палякі адабралі. Бацька хацеў схітраваць, і кульгавым каня паказваў, і на адно вока сляпаватым. Нічога не дапамагло—забралі работніцу. Бацька рамні пад сядло не хацеў аддаваць, дык салдаты так яго збілі, што ён у скорым часе і памёр. Засталіся дзеці сіротамі.
Яркі ўспамін дзяцінства—вучоба ў школе. Наймалі сяляне на зіму чыю-небудзь хату, запрашалі настаўніка, які вучыў дзяцей Закону Божаму, пісьму ды арыфметыцы. Хату для школы выбіралі вялікую, светлую, у Ашурковых вучыліся, у Алексы (Аляксея) Чярняўскага. І хаця “грамату” тую спасцігалі нядоўга, у школе было толькі тры калсы, многія дзеравенскія у “людзі” выбіліся. Адзін каменскі—Глінскі Міхаіл Іосіфавіч, вялікім чалавекам стаў. Удзельнічаў у вайне 14-га года, у канцы 30-х быў ваенным аташэ ў Прыбалтыцы, у Вялікую Айчынную камандаваў кавалерыйскім корпусам.
Сяляне жылі як маглі. Праца ў полі ды лес кармілі.
Была па старых часінах такая ў вёсцы мода—адпраўляліся маладыя хлопцы на пачатку стагоддзя на заробкі ў Амерыку. Не ўсім дзеравенскім шчасце ў той Амерыцы ўсміхалася. Адзін мясцовы хлопец, Міхаіл Чарняўскі, у Амерыцы разбагацеў. Вярнуўся з-за далёкай заграніцы ў 21-м годзе на пабыўку. Багатым стаў, у адрозненне ад вясковых, на возчыку ездзіў. Але загубілі хлопца вялікія грошы ды чыясьці ліхая рука—знайшлі яго забітым на дзеднаўскім шляху…
Чаго толькі не нацярпеліся каменскія сяляне. У часы калектывізацыі тры сям’і раскулачылі. А Вікенція Саліневіча з жонкай і дзецьмі зусім саслалі.
Брат Івана Міхайлавіча манцёрам на слуцкай дарозе працаваў, дык яго ворагам народа ў 37-м абвясцілі, нібыта з Польшчай сувязь трымаў. А Глінскія ўсе сталі лічыцца як “сваякі” ворага народа. А які там быў вораг—просты каменскі мужык, бацька якога быў мужыком, і дзед, і прадзед…
Чирук, Г. В поисках каменного идола / Галина Чирук [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://komkur.info/history-of-bobruisk/v-poiskakh-kamennogo-idola.—Дата доступа : 07.10.2015.
У 1917 годзе вёска адносіліся да той жа воласці і павету. Пражывала ў ёй 380 жыхароў, было 57 двароў.
У 1924-1954 гг.—цэнтр сельсавета. Згодна перапісу 1926 года—58 двароў, 329 жыхароў.
У 1967 годзе вёскі Вялікая і Малая Кменкі аб’яднаны ў адну вёску Каменка.
На пачатак 1997 года 268 двароў, 648 жыхароў. У вёсцы калгасная сядзіба, ферма буйной рагатай жывёлы, гаспадарчы двор, майстэрні па рамонту тэхнікі, зернедрабілка. Дзейнічалі школа, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, магазін, клуб, бібліятэка.
Зараз гэта вёска ў Слабадкоўскім сельсавеце ў 9 км ад чыгуначнай станцыі Бабруйск.
З гісторыі Слабадкоўскага сельскага Савета
Сваю гісторыю сельсавет пачынае з 1922 года. БССР тады складалася з 6 паветаў, а Бабруйскі павет складаўся з 32 воласцей, сярод якіх была Гарбацэвіцкая воласць, якая ўключала 24 сельсаветы, у т.л. і Вялікі Каменскі сельсавет, пазней пераўтвораны ў Слабадкоўскі.
Першым старшынёй сельсавета быў Шашолкін Нічыпар Піліпавіч, ураджэнец в. Грабава, а сакратаром—Гладкевіч Андрэй Піліпавіч, з в. Каменка. Сельскі Савет размяшчаўся ў Каменцы, у хаце Марфы Чарняўскай.
У 1924 годзе Гарбацэвіцкая воласць была пераўтворана ў раён і разбіта на 5 сельсаветаў. Вялікі Каменскі сельсавет перайменавалі ў Каменскі.
У 1936 г. сельсавет быў перанесены ў в. Слабодка, у дом прафесара сельскай гаспадаркі Я.Я. Палфёрава.
У 30-я гады на тэрыторыі сельсавета было арганізавана 6 калгасаў, у прыватнасці на тэрыторыі Каменкі—2: у Малой Каменцы «Чырвоная Каменка», у Вялікай Каменцы «Чырвоны зенітчык». Першымі арганізатарамі калгаснага руху былі жыхар в. Каменка Ражноўскі Мікалай Андрэевіч і жыхар в. Слабодка Верамейчык Мікалай Кірэеевіч. У той чс старшынёй сельскага Савета быў Елін, сакратаром—Сінкавец. Усе яны вялі тлумачальную работу сярод сялян па прыцягванні іх у калгас. Цяжкі гэта быў час. Не адразу ўсе сяляне зразумелі перавагу калектыўнага вядзення гаспадаркі. Але былі і актвісты калгаснага руху: Ражноўскі Мікалай Андрэеевіч, Глінскі Іван Міхайлавіч, Чарняўскі Іван Мартынавіч, Слінько Сямён Сямёнавіч, Бабарэнка Апанас Макаравіч, Чарняўскі Павел Кірэеевіч, Усаў Апанас, Курловіч Цімафей. Усяго 12 чалавек.
У 1934 годзе на тэрыторыі Каменскага сельсавета была завершана суцэльная калектывізацыя сялянскіх гаспадарак.
У 50-ыя гады старшынёй сельсавета з'яўляўся Ханяк Сяргей Панфілавіч, сакратаром—Сінягоўскі Васіль Антонавіч.
16 чэрвеня 1954 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Каменскі сельсавет перайменаваны ў Слабадкоўскі з цэнтрам у в. Слабодка.
У 1968 годзе на месцы старога будынка сельсавета быў пабудаваны новы з прыбудовай паштовага аддзялення. У той час старшынёй сельсавета быў Казакоў Яфім Фядосавіч.
У 80-90-ыя гады 20-га стагоддзя Слабадкоўскі сельскі Савет займае тэрыторыю плошчай у 6158 га. У яго ўваходзяць 15 населеных пунктаў з насельніцтвам 4710 чалавек. (1985г.—4776 чал., 1986г.—4521 чал., 1987г.—4612 чал., 1999г.—4206 чал.).
У склад сельсавета ў той час уваходзяць: калгас імя 22 з'езда КПСС (старшыня праўлення калгаса Тытараў А.Ф.), саўгас «Кісялевічы» (дырэктар—Караткевіч У.П.), ПМК-84 «Магілёўвадбуд» (начальнік—Гацко А.І.), СПТВ-213 (дырэктар Курто В.Я.), Каменскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых дырэктар Чайка Е.А.), вучэбна-вытворчы камбінат, дзве сярэднія школы, адна пачатковая, Каменская дапаможная школа, тры ФАПы, адзін дом быту, дзве комплексна-прыемныя кропкі, два дамы культуры, адзін сельскі клуб, адзін брыгадны клуб, 4 бібліятэкі, 3 паштовыя аддзяленні, 3 дзіцячыя садкі-яслі, 4 стацыянарныя кінаўстаноўкі, адна перасоўная, два гандлёвыя цэнтры, 5 магазінаў, два ларкі, дзве лаўкі на даму, дзве ашчадныя касы, 3 грамадскія лізні.
На пачатак 21-га стагоддзя насельніцтва сельсавета складала: 2009 г.—3415 чал., 2010 г.—3538 чал., 2012 г.—3458 чал., 2018 г.—3493 чал.
У 2020 годзе старшынёй Слабадковўскага сельскага Савета з'яўляўся Шэлег Анатоль Уладзіміравіч, упраўляючым па справах сельсвыканкама—Абразевіч Алена Віктараўна.
КАЛГАС імя ХХІІ З’ЕЗДА КПСС
Першым старшынёй калгаса быў Верамейчык Аляксандр Кірэевіч. У першы год існавання ў калгаса было 150 га зямлі, 15 кароў, 60 коней. Дзяржавай быў дадзены крэдыт для будаўніцтва калгаса. Са старых хлявоў будавалі фермы. Першая пасяўная адбылася восенню 1931 года. Тэхнікі не было, таму ўсе работы выконваліся ўручную. Пазней была створана садова-агародная брыгада, якой кіраваў Ражноўскі Мікалай Андрэевіч, пасаджаны сад.
Разам з жыхарамі вёскі ў 30-ыя гады будавалі калгасны лад старшыні Калеснікаў Павел Цімафеевіч, Бародзіч Лаўрэн Парфёнавіч.
Прыкладна ў кастрычніку 1936 г. адбылося аб’яднанне калгасаў Вялікай і Малой Каменкі ў адзіны, які стаў называцца “Шлях да сацыялізму”. Старшынёй калгаса быў Гушчын Сямён Рыгоравіч, а Ражноўскі Аляксандр Кірэевіч стаў старшынёй калгаса в. Слабодка, Зацішша.
У 1935-1936 гг. былі створаны МТС, якія ў час пасяўной і ўборачнай дапамагалі араць і збіраць ураджай. Калгас “Шлях да сацыялізму” абслугоўвала Гарбацэвіцкая МТС. За калгасам былі замацаваны 2 трактары, на адным з якіх працаваў Кірэеў Піліп Сцяпанавіч, Чарняўскі Іван быў камбайнерам.
Летам 1936 года з губаддзела прыйшла бумага, у якой паведамлялася, што калгасу выдзелены трактар і таму неабходна накіраваць чалавека ў раён на курсы трактарыстаў. Пытанне па кандыдатуры вырашалася на агульным сходзе. Жадаючых было шмат. Спыніліся на І. Кашыцкім. Адвучыўшыся, Кашыцкі здаў экзамены, атрымаў трактар з плугам і напярэдадні пасяўной “сваім ходам” накіраваўся ў свій калгас. У вёская, якія былі па дарозе, сяляне гладзелі на яго “фордзон” як на дзіва. А калі трактар выйшаў у поле, каб зрабіць першую баразну, на ўскрайку будучай нівы сабраліся жыхары ўсіх бліжніх вёсак.
Наступным “механізмам” у калгасе была снопавязка. Гаспадарцы яна была вельмі патрэбная, але грошай на яе пакупку не было. Тады ў калгасе імя Кубышава нарадзілася ініцыятыва: заробленыя за адзін дзень грошы аддаць на набыццё снопавязкі. І праз некалькі дзён снопавязка прыбыла ў калгас.
К 1937 году ўзбуйніліся калгасныя жывёлагадоўчыя фермы, павысіліся прадукцыйнасць жывёлы, палепшылася яго пародзістасць за кошт навуковай пастаноўкі племянной справы, паляпшэння догляду і ўмацавання кармавой базы. Не кожная калгасніца мела магчымасць працаваць на ферме: праца даяркі была ў асаблівай пашане, і працаваць ёю маглі лепшыя з лепшых. Тыя гады назвалі і першых перадавікоў жывёлагадоўлі. У 1939 г. тры дыяркі – Еўфрасіння Чарнецкая, Марыя Сямёнава і Соф’я Царык сталі ўдзельніцамі ВДНГ. Е. Чарнецкая была ўзнагароджана вялікім залатым медалём за надоі па 3200 кг малака адкаровы.
У 1940 годзе была поўнасць ліквідавана хутарская сістэмы вядзення гаспадаркі на тэрыторыі Каменскага сельсавета. Вытворчасць усіх відаў сельгаспрадукцыі ў параўнанні з 1931 годам узрасла ў 4-6 разоў.
Але складаныя міжнародныя абставіны прымушалі дзяржаву ісці на скарачэнне капіталаўкладанняў. Зменшыліся пастаўкі машын, абсталявання і запасных частак. Вытворчасць трактараў, камбайнаў і іншай сельгастэхнікі ў гады 3-й пяцігодкі, у параўнанні з 2-й, скараціліся. Да гэтага вымушала неабходнасць умацавання абароназдольнасці краіны. Скачэнне капілаўкладанняў адчулі і ў калгасе. Але, нягледзечы на гэта, развіццё яго ішло па ўзыходзячай лініі.
Старажылы, ветэраны калгаса успаміналі, што хлябы ў 41-ым годзе выдаліся на дзіва багатыя. Але не паспелі сабраць ураджай працаўнікі. Толькі што пачаў налівацца буйным зернем колас—вораг уварваўся ў край.
За час вайны калгас быў разрабаваны. Не засталося ніводнай калгаснай каровы, амаль не было хатняй жывёлы і ў людзей. Семянныя фонды былі знішчаны ці захоплены ворагам яшчэ ў першы год вайны
Пасля перамогі над ворагам пачалося аднаўленне разбуранай гаспадаркі: людзі, дзе маглі, збіралі прылады працы, рамантавалі уцалелыя жывёлагадоўчыя памяшканні, дзе маглі збіралі кароў, коней, частка жывёлы была прыгнана з эвакуацыі. Разгарнулася напружаная работа па аднаўленні калгасаў. Але хутка стала ясна, што дрробнымі калгасамі-пасёлкамі многага не дасягнуць.
У 1951 годзе к-с “Чырвоная Бярэзіна” быў перанайменаваны ў к-с імя Куйбышава, які ўзбуйніўся за кошт далучэння зямель к-саў “За уладу Саветаў” (1930г), імя Сталіна (1931г), “Чырвоная Каменка” і Чырвоны зенітчык” (1931г), 13 летРККА (1930г), імя Варашылава (1934г), “Новая Беларусь” (1934г), “17 партз’езд” (1933г) і “7-ы з’езд Саветаў” (1933г). Аб’яднаны калгас прыняў назву калгаса імя Сталіна, які ўзначаліў Казакоў Яфім Фядосавіч.
У 1955 годзе ў ліку 30-ці тысячнікаў, накіраваных у вёску для падняцця сельскай гаспадаркі, начале калгаса імя Сталіна становіцца Шаравараў Фёдар Нічыпаравіч.
У 1956 г. калгас імя Сталіна перайменавалі ў калгас імя ХХІІ з’езда КПСС.
Гаспадарка пры Шаравараву Ф.Н. уключала землі ад Бабруйска да Каменкі. Колькі ідэй ажыццявілася дзякуючы яму. Расцілі вялікія ўраджаі зерневых, агародніны, была свая зімовая цяпліца.
К Новаму Году пачыналі продаж гуркоў і гваздзікі. Вялікі прыбытак прыносіў сад. Жывёлагадоўля адыгрывала вядучую ролю ў развіцці гаспадаркі. Спачатку на ферме даяркі даілі кароў уручную, і самі ж касілі траву для іх падкормкі. Але потым з’явіўся транспарцёр, дойка кароў стала механізаванай.
Чалавек вялікай працавітасці, не схіляючыся ні перад якімі цяжкасцямі, бясконца ўлюбёны ў зямлю і людзей, яе апрацоўваючых, Фёдар Шаравараў аддаваў рабоце ўсяго сябе. А та- му былі перамогі. Калі да яго прыходу сярэдні ўраджай зерневых складаў 4,5 цэнтнеры з гектара, то ўжо ў першы год яго праўлення ўраджайнасць паднялася да 7, а потым да 9 цэнтнераў з гектара. Рэзка вырасла і ўраджайнасць бульбы.
Фёдар Нічыпаравіч не астанаўліваўся на дасягнутым, знаходзіўся ў пастаянным пошуку, кнігі пра сельскую гаспадарку былі ў яго настольнымі. Ён непакоіўся пра ўсе галіны без выключэння. З яго прыходам у калгасе сталі разводзіць курэй, авечак, коней (белай масці разводзілі ў вёсцы Грабава на экспарт у Францыю). Назіраючы, што гэты напрамак не дае дастаковага прыбытку, Фёдар Нічыпаравіч пераключае гаспадарку на вырошчванне зерневых, ільну, лубіну “Эліта”, які карыстаўся ў той час павышаным попытам. Адначасова рабіць упор на развіццё малочнай галіны. Для гэтага набывае ў Прыбалтыцы кароў бурай латвійскай пароды, якая дае высокія надоі малака.
Будуе ў Бабруйскім раёне цяпліцу, дзе вырошчваецца расада і агародніна. Арганізоўвае адпраўку машын з яблыкамі з калгаснага саду ў Прыбалтыку, Ленінград, Пскоў. Выручаныя грошы ідуць на патрэбы гаспадаркі, якая хутка становіцца міл’янерам. Ф. Шаравараў першым перайшоў на грашовую аплату працы, чым значна палепшыў дабрабыт людзей. Пры яго садзейнічанні было распрацавана Палажэнне аб прэміраванні калгаснікаў, што павялічыла прадукцыйнасць працы. У калгас неаднаразова прыязджаў К.П.Арлоўскі, бываў П.М. Машэраў.
1964 год стаў паваротным у развіцці калгаса. Сталі выконваць і перавыконваць планы і абавязацельствы, сталі расці даходы, на калгасным рахунку з’явіліся грошы. Багацей сталі жыць і людзі. Амаль у кожнай хаце з’явіліся тэлевізары, пральныя машыны, газавыя пліты. Каля 40 калгаснікаў за 6 гадоў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, з іх 4—ордэнам Леніна.
За гады свайго кіравання Фёдар Нічыпаравіч пабываў у многіх перадавых гаспадарках Літвы, Латвіі, Расіі, наведаў сельскагаспадарчыя кааператывы Польшчы, ГДР, Кітая. Усё лепшае, перадавое, што там бачыў, укараняў у сваім калгасе.
Фёдар Нічыпаравіч разумеў – будучае за маладым пакаленнем. Таму і падтрымліваў цесную сувязь са школай, чым мог, дапамагаў дзецям: выдзяляў грошы для арганізацыі экскурсій у Брэсцкую крэпасць, Мінск, Хатынь, падараваў школьнікам кінаапарат, прайгравальнікі.
Руплівая праца Ф.Н. Шаравара была адзначана дзяржавай двумя ордэнамі Леніна, яму было прысвоена званне “Заслужаны аграном БССР”.
Калі старшынёй калгаса стаў Анатоль Фаміч Тытараў, гаспадарка працягвала памнажаць прыбытак. На 4 га закрытага грунту вырошчвалі раннія агуркі. Надоі на карову складалі па 3800 кг у год. Ураджаі збожжавых перавальвалі за 30 ц/га. На сяле развівалася прамысловасць. Быў пабудаваны невялікі завод па вытворчасці асфальту, цэх па вытворчасці мармуровай кафлі, цэх па вырабу помнікаў. Працавалі мэблевы і пашывачны цэхі. Усяго ў прамысловай вытворчасці было занята каля 600 чалавек. Калектыў неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі і падарункамі. Так, за павелічэнне надояў калгас атрымаў у падарунак два аўтобусы, а на – два ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэн “Знак пашаны”, медаль “За доблесную працу” і іншыя.
Дзякуючы атрыманым прыбыткам у гаспадарцы вялося будаўніцтва, паляпшалася сацыяльная сфера. Былі пабудаваны сельскагаспадарчыя аб’екты – зернеток, склады ядахімікатаў і ўгнаення. Асвоены 100 м² жылля, узведзены клуб, музычная школа, лазня.
На 1987 год на тэрыторыі гаспадаркі знаходзілася 12 населеных пунктаў. Плошча зямельнага фонду калгаса складала 4164 га, раллі – 1655 га, сенажаці – 1000 га, сады – 65 га, 1444 га прыходзілася на ягаднікі, кустарнікі і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя.
Вядучую ролю адыгрывае жывёлагадоўля. Па стане на 1987 г. буйной рагатай жывёлы ў калгасе налічвалася 3197 галоў: 1210—кароў, 1987—маладняка.
Пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва за 1987 год:
Гушчынна Ганна Мацвееўна—дэпутат сельскага Савета, даярка фермы Каменка, удой на карову склаў 3506 кг;
Нікіфаравец Галіна Іванаўна—даярка фермы Каменка, удой на карову склаў 3354 кг;
Міхалап Соф'я Яфрэмаўна—сярэднесутачны прывес маладняка—843 гр.;
Русіновіч Мікалай Васільевіч—сярэднесутачны прывес маладняка склаў 814 гр.
Лепшыя шафёры і трактарысты: Каранін Яўген Сцяпанавіч, Заграбаней Вячаслаў Міхайлавіч, Гладкевіч, Міхаіл Аркадзьевіч, Нікіфаравец Мікалай Васільевіч—дэпутат сельскага Савета, Пыж Міхаіл Васільевіч—дэпутат сельскага Савета, Амос Віктар Пятровіч—дэпу- тат абласнога Савета народных дэпутатаў, Дзыгун Аркадзь Міхайлавіч і інш.
За 11-ю пяцігодку і два гады 12-й пяцігодкі пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю: машына-трактарны двор, банна-пральны камбінат, дом культуры з адмністрацыйным будынкам калгаса, добраўпарадкаваны фермы Грабава і Каменка. За пяцігодку пабудавана 14 жылых дамоў, за 1987 год—4.
29 кастрычніка 2004 г. СВК «Калгас імя ХХІІ з’зда КПСС” змяніў форму маёмасці і назву. Замест дзяржаўнага сельгаспрадпрыемства з’явілася таварыства з абмежаванай адказнасцю “Амега-люкс”. Заснавальнікамі яго з’яўляюцца В.В. Бегуноў і В.Н. Бурачэўскі. Гаспадарка стала філіялам фірмы “Амега-люкс”, якая валодае ў Бабруйску сеткай магазінаў.
За перыяд з 2004 па 2005 гг. у гаспадарцы шмат што змянілася.
Узраслі асноўныя паказчыкі. Вытворчасць малака павялічылася на 130%, мяса – на 176%. Гаспадарка заняла 3-е месца ў раёне па нарыхтоўцы кармоў. Было засеяна 90 га буракоў. Ураджайнасць склала 375 ц/га.
Павялічыліся сярэднесутачныя прывесы БРЖ (буйной рагатай жывёлы). Калі ў 2004 г. яны складалі 354 г, то ў 2005 г. – 628 г. Удой на карову ў ТАА “Амега-Люкс” у 2005 г. – 3194 кг.
У гаспадарцы дзве жывёлагадоўчыя фермы – у вв. Каменка і Грабава, якія пераабсталёўваюцца па новых тэхналогіях. Палепшыліся ўмовы працы – механізавана раздача кармоў, выкарыстоўваецца новае шнекавае абсталяванне па ўборцы гною. Плануецца павелічэнне пагалоўя жывёлы.
Удзяляецца ўвага раслінаводству. Вытворчасць бульбы павялічылася на 226 %, морквы, капусты, буракоў - 166 %. Прадукцыя гаспадаркі рэалізуецца ў магазінах “Амега-Люкс”.
Філіял "Сельгасаддзяленне БТАА "Амега-Люкс" на пачатку 2015 года ліквідаваны.
У гады ваеннага ліхалецця
На палях калгасаў толькі пачало нілівацці буйнае зерне, як пачалася вайна. Каб ураджай не дастаўся ворагу, сяльчане знішчалі яго. Адзін з мясцовых жыхароў сведчыў: “Аднойчы раніцой, гадзін у 10-11, над зерневым полем непадалёку ад Каменкі з’явіўся фашысцкі самалёт. Заўважылі, што некалькі старых і жанчын ушажвалі за ўраджаем—траву вырывалі, паднімалі палёглыя ўчасткі збажыны, бо спадзяваліся што-небудзь сабраць на пражытак. Але вораг развеяў іх надзеі кулямётнай чаргой з паветра. Людзі кінуліся на зямлю, прытуліліся да яе. Калі фашыст паляцеў далей, двое сялян з мазолістымі рукамі ўжо не падняліся з зямлі.
- Людаеды! Каб вам свету не бачыць, расплаціцеся за ўсё, - пагрозліва памахала сжатымі кулакамі ўслед самалёту старая калгасніца.—А хлеб вашым не будзе!
Праз паўгадзіны па полі папаўзлі вогненныя языкі і дым заклубіўся над жытам. Па тварах тых, хто падпальваў хлеб, каціліся слёзы. Вецер разносіў удушлівы гар. Попел і сажа садзіліся на твары і адзенне. Горкі пах гарэлага хлеба доўга яшчэ вісеў у паветры…”.
Мала што трапіла гітлераўцам і з сельскагаспадарчай тэнікі, якая з такімі цяжкасцямі ў перадваенныя гады набывалася калгасам. Частка яе была знішчана самімі калгаснікамі. Многія машыны ўдалося разкамплектаваць. Знятыя з іх усе каштоўныя і важныя часткі і вузля былі звезены ў лес і закапаны. Дасталіся ворагу толькі астовы машын.
Фашысты лютавалі. У прыгарадных вёсках штодзённа ішлі павальныя вобыскі і арышты. Фронту і партызанам дапамагалі хто як мог. Больш 20 калгаснікаў, якія не паспелі трапіць на фронт, пайшлі ў падпольшчыкі і партызанскія атрады. Добра ведалі ў асяроддзі падпольшчыкаў былую перадавую даярку, а з першых дзён вайны—надзейную сувязную і разведчыцу Еўфрасінню Чарнецкую. Жанчына-працаўніца стала жанчынай-воінам, змагаром. Шмат разоў, рызыкуючы жыццём, яна перадавала бабруйскім падпольшчыкам важыя звесткі аб дыслакацыі варожых частак, перапраўляла ў партызанскія атрады сабраныя медыкаменты. За заслугі перад Радзімай у гады Вялікай Айчыннай вайны, асабістую мужнасць Е.Г. Чарнецкая была ўзнагароджана медалём “Партызану Айчыннай вайны” ІІ ступені.
Больш за 200 чалавек з Каменскай акругі змагаліся на франтах.
Большая палова з іх не вярнулася з палёў бітваў, палі смерцю храбрых за свабоду і незалежнасць сваёй Айчыны. За баявыя зслугі 48 калгаснікаў былі ўдастоены высокіх урадавых узнагарод.
Вёска Каменка знаходзіцца ў 12 км ад г. Бабруйска. Гэтыя кіламетры ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі апошнімі для некалькіх тысяч бабруйчан, якія прайшлі трагічны шлях да месца сваёй гібелі. У ноч з 6 на 7 лістапада 1941 года фашыстамі былі растраляны каля в. Каменка 5 281 вязняў бабруйскага яўрэйскага гета.
Для даведкі: па дадзеных перапісу 1939 года ў Бабруйску пражывала 26 703 яўрэі—31,6 % ад агульнай колькасці жыхароў. Пасля таго, як немцы ўварваліся на тэрыторыю СССР, частка яўрэеў-бабрауйчан паспела эвакуіравацца на усход краіны, частка яўрэяў-мужчын была прызваная ў рады Чырвонай арміі.
28 чэрвеня 1941 года Бабруйск быў захоплены падраздзяленнямі вермахта, яўрэі сталі першымі ахвярамі нацыстаў. 1 жніўня з’явілася аб’ява аб абавязковым перасяленні яўреяў у гета. Бабруйскае гета было “закрытага тыпу”, яно было агароджана, ахоўвалася і выхад з яго забараняўся. Туды прыгналі яўрэяў з Глуска, Слуцка, Старых Дарог і Бабруйска.

“Дарога смерці” для многіх бабруйскіх яўрэяў пачалася з вуліцы Бахарава (тады Шасейнай). Менавіта па ёй ішлі з горада першыя бежанцы, а праз некалькі месяцаў прайшлі тысячы яўрэяў, каб знайсці свой апошні прытулак у брацкай магіле за горадам. Раніцой немцы і паліцаі ўварваліся ў гета і сталі выганяць яўрэяў з хат. Іх збівалі прыкладамі вінтовак і заганялі ў машыны, якія накіроўваліся ў в. Каменка. Пагрузка працягвалася да самага вечара. Да месца растрэлу спачатку прывезлі 500 ваеннапалонных з канцлагера, які размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Іх прымусілі вырыць два 10-ці мятровыя рвы, а пасля растралялі. Затым тут былі растраляны і вязні гета. Пазней, ужо ў 1943-ім, гітлераўцы, каб знішчыць сляды сваіх крывавых распраў з мірнымі жыхарамі, палілі тое, што засталося ад растраляных. Па ўспамінах мясцовых жыхароў, зарыва вялізнае стаяла… Цяпер на гэтым месцы ў 1978 г. абсталяваны мемарыяльны комплекс.
Былая настаўніца Каменскай школы Таццяна Ямельянаўна Осіпава падзялілася такім успамінам:
“У гады вайны немцы гналі з Бабруйска ў Багушоўку 2 тысячы чалавек ваеннапалонных. Пачынаючы з Дзеднава, праз кожныя 15-20 метраў растрэльвалі ў калоне апошніх. Па ўсёй шашы да Багушоўкі ляжалі забітыя. У Багушоўцы растралялі астатніх—больш за 100 чалавек. Потым з бліжэйшых вёсак (і з Каменкі таксама) немцы сагналі мужчын рыць для растраляных ямы і закопваць іх. Бацька Таццяны Ямельянаўны прынёс дамоў карткі, на якіх былі напісаны імя, імя па бацьку, прозвішча палонных. На жаль, тады яна не здагадалася перапісаць гэтыя звесткі ў асобны спіс, які б пасля вайны дапамог бы родным у пошуку сваіх загінуйшых ваяроў. Фашысты распарадзіліся аддаць тыя карткі бургамістру ў Грабава.
Калі ж мужчыны сталі закопваць ямы, з адной з іх пачуўся стогн. Каб адцягнуць увагу немцаў ад гэтага месца, мужчыны перайшлі да другой, дальняй ямы. Немцы спяшалі і хутка паехалі, а мужчынам удалося выратаваць аднаго воіна. Выхадзіла яго нейкая пажылая жанчына з Багушоўкі. Калі споўнілася 20 гадоў з дня Перамогі, выратаваны салдат прыязджаў з Уфы ў гэтыя мясціны. Ён стаў там, дзе яго павінны былі закапаць і сказаў: “Я стаю на сваёй магіле”. А калі да яго выйшла старэнькая жанчына, якая выхадзіла яго, ён устаў перад ёй на калені з падзякай за выратаванае жыццё.”
Наогул, мясцовыя жыхары з вялікай павагай ставяцца да захавання памяці аб сваіх земляках, якім лёсам было наканавана прайсці праз суровыя выпрабаванні вайны.
У вёсцы Бярэзавічы ўладар аграсядзібы “Бярэзавічы” Віктар Краско за свой кошт устанавіў памятны знак загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтую ідэю падтрымаў старшыня Слабадкоўскага сельскага Савета Анатоль Шэлег. Сквер, дзе планавалася устанавіць памятны знак, дапамагалі прывесці ў парадак мясцовы фермер Уладзімір Руднеў, вучні Каменскай школы. Мясцовы жыхар Сяргей Пархамовіч зрабіў 20 шпакоўняў.
АДУКАЦЫЯ І ВЫХАВАННЕ
Дзяржаўная установа адукацыі “Каменская сярэдняя школа Бабруйскага раёна”
Да 1917 года школы ў в. Каменка не было. Гарбацэвіцкі рэўком накіроўвае настаўнікаў Гладкевіча Андрэя Піліпавіча і Бушуеву Зінаіду Іванаўну ў Каменку наладзіць навучанне дзяцей.

Памяшкання для заняткаў не было, таму на агульным сходзе жыхароў вв. Вялікая і Малая Каменкі было прынята рашэнне зняць яго ў арэнду на грамадскіх пачатках. У наёмным памяшканні Гладкевіч А.П., Бушуева З.І. і жыхар вёскі Пыж Павел Сцяпанавіч вучылі грамаце вясковых дзяцей да 1924 года.
Працаваць у такіх умовах было цяжка і нязручна, таму паўставала пытанне аб будаўніцтве школы ў в. Каменка. У 1924 годзе ў Каменку з мястэчка Старыя Дарогі прыязджае маладая, энергічная настаўніца Скіндзер Ларыса Іванаўна. Яна адразу ж заваявала павагу ў жыхароў вёскі добрасумленнымі адносінамі да працы, чуллівым і спагадлівым характарам. Дзякуючы яе намаганням быў атрыманы дазвол на будаўніцтва школы ў в. Каменка. У 1924 годзе быў створаны Каменскі сельскі Савет, сакратаром якога стаў Гладкевіч Андрэй Піліпавіч. Восенню гэтага ж года выканкам Каменскага с/С выносіць рашэнне: прасіць Бабруйскі райвыканкам дазволу на будаўніцтва школы ў в. Каменка і адпусціць на гэтыя мэты лес. У студзені 1925 года дазвол быў атрыманы.
Жыхары ўсіх навакольных вёсак прынялі актыўны ўдзел у будаўніцтве школы: яны пілавалі дрэвы ў Слабадкоўскім лесе, вазілі на вазах броўны, каменне, пясок, дапамагалі ўзводзіць школьны будынак. За 1925-1926 гг. школа была пабудавана.
Са студзеня 1927 года пачаліся заняткі ў новай школе. Першымі настаўнікамі ў ёй былі Скіндзер Ларыса Іванаўна і Загорскі Канстанцін Канстанцінавіч. Школа лічылася двухкамплектнай, рабяты вучыліся ў 2 змены. Электрычнага святла ў школе не было, настаўнікі прыносілі ў школу газавыя лямпы. Памяшканне школы ацяплялася трынаццаццю грубкамі і настаўнікам разам з тэхперсаналам прыходзілася самім нарыхтоўваць дровы і тапіць грубкі. Столі і сцены ў класах былі пабелены вапнай, падлога непакрашаная.
Школа становіцца цэнтрам культурнага жыцця. Тут была невялікая зала, дзе праводзіліся спартыўныя вечарыны і вечарыны адпачынку, урачыстыя сходы і лінейкі, святы, праводзіліся сустрэчы з пісьменнікамі і артыстамі. У школе была і невялічкая бібліятэка, дзе працавала Толкач Т.В.
Да Вялікай Айчыннай вайны ў школе не было сталовай, а пасля вайны быў створаны буфет, куды прывозілі булачкі, піражкі, настаўнікі рыхтавалі гарбату і паілі ім дзяцей на перапынках. Пры школе была пабудавана кролікаферма, дзе рабяты, пад кіраўніцтвам настаўнікаў, вырошчвалі кролікаў. Акрамя таго, на ўчастку, замацаваным за школай, сваімі рукамі пасадзілі сад каля школы і калгасны сад.
У 1932 годзе школа стала сямігодкай. У гэтыя гады ў школу былі накіраваны настаўнікі: Толкач Ціхан Васільевіч і Фёкла Анісімаўна, Манько Генадзь Пятровіч і Валянціна Сцяпанаўна, Зубец Марыя Лаўрэнаўна. Піянерважатай працавала Марцінята Франя. З 1932 па 1941 гады работу педагагічнага калектыва ўзначальваў Сыцько Васіль Самуілавіч.
Вялікая Айчынная вайна перарвала работу школы. Многія настаўнікі і вучні пайшлі абараняць Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па-рознаму склаліся іх лёсы ў час вайны: адны палеглі на палях жорсткіх бітваў, другія памерлі ад цяжкіх ран у шпіталях і медсанбатах, трэція прапалі без вестак.
З першых дзён вайны пайшоў добраахвотнікам на фронт настаўнік геаграфіі Толкач Ціхан Васільевіч. Ваяваў на 2-ім Беларускім фронце ў 1223 стралковым палку 50-й Арміі. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі, ваяваў на тэрыторыі Польшчы, быў цяжка паранены і дэмабілізаваны па інваліднасці. Вярнуўшыся з фронта ў родную Каменку, адразу ж уключыўся ў работу школы, быў завучам, настаўнікам, выкладаў геаграфію. У 1960 годзе пайшоў на пенсію. За дасягнутыя поспехі ў развіцці і аднаўленні прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, культуры і мастацтва Беларускай ССР указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 26 лютага 1949 года ўзнагарроджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай РАНА, ордэнам “Знак Почета”, медалём “За трудовое отличие».
У 1944 годзе Каменская школа аднавіла работу, калектыў папоўніўся новымі кадрамі.
У 1957 годзе школа стала сярэдняй. У 60-70-ыя гады тут працаваў моцны педагагічны калектыў: Зельдзін Барыс Якаўлевіч, Плоткіна Браніслава Якаўлеўна, Некрашэвіч Галіна Васільеўна, Календа Калерыя Іванаўна, Томаль Сцяпан Іванавіч і Надзея Аляксееўна, Осіпава Таццяна Ямельянаўна, Цыбульская Паліна Сямёнаўна, Кісін Ісак Абрамавіч.
Вялікай павагай калег і настаўнікаў карыстаўся настаўнік фізікі і матэматыкі Зельдзін Барыс Якаўлевіч. Ён нарадзіўся 15.11.1923 г. ў г. Бабруйску, вучыўся ў школе №10, пасля яе заканчэння ў чэрвені 1941 года разам з аднакласнікамі звярнуўся ў ваенкамат з просьбай адправіць на фронт, але атрымаў адмову.
Эвакуаваўшыся разам з роднымі ў Казахстан, ізноў звяртаецца ў ваенкамант наконт адпраўкі ў дзейнічаючую армію. У 1942 годзе Барыс Якаўлевіч ідзе на фронт, змагаецца ў складзе аддзельнага лыжнага батальёна 327-й стралковай дывізіі 2-й ударнай Арміі. 15.01.1943 г. быў цяжка паранены і доўгі час ляжаў у шпіталі. У 1944 годзе паступіў у Пухавіцкае пяхотнае вучылішча, скончыў яго і быў накіраваны ў 45-ю стралковую дывізію.
За мужнасць, адвагу, праяўленыя ў баях з фашыстамі, узнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга, медалём “За абарону Ле нінграда”, юбілейнымі медалямі.
Дэмабілізаваўшыся ў званні летэнанта, у 1946 годзе Б.Я. Зельдзін паступае ў Мінскі універсітэт на юрыдычны факультэт. Пазней завочна вучыцца ў Мінскім настаўніцкім інстытуце на фізіка-матэматычным факультэце. З 1953 па 1965 гады працуе ў Каменскай сярэдняй школе спачатку настаўнікам фізікі і матэматыкі, потым завучам.
Добрасумленная праца настаўніка адзначана Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы БССР, Ганаровымі граматамі раённага і абласнога аддзелаў народнай адукацыі. За поспехі, дасягнутыя ў справе навучання і выхавання вучняў, Зельдзін Барыс Якаўлевіч узнагароджаны значком “Отличник просвещения БССР”.
З вялікай павагай успамінаюць выпускнікі школы настаўніцу геаграфіі Паліну Сямёнаўну Цыбульскую.
Паліна Сямёнаўна пасля заканчэння Бабруйскага педагагічнага вучылішча была накіравана на работу ў Каменскую школу ў якасці піянерважатай. Гэтую работу сумяшчала з пасадай настаўніцы спеваў да 1966 года. Жыццярадасная, таварыская, любячая і паважаючая дзяцей, яна змагла арганізаваць работу так, каб кожны з іх мог праявіць свае прыродныя здольнасці, каб кожнаму знайшлася справа па душы.
Сама яна валодала артыстычнымі здольнасцямі, добра спявала, чытала вершы, пад яе кіраўніцтвам вучні інсцэніравалі драматычныя творы. Разам з імі рыхтавала канцэрты мастацкай самадзейнасці, з якімі яны выступалі перад бацькамі навучэнцаў, у брыгадах калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС, перад служачымі воінскай часткі, якая размяшчалася на тэрыторыі в. Каменка. У сваю чаргу ваенаслужачыя, якія з’яўляліся шэфамі школы, дапамагалі праводзіць спаборніцтвы па ваенна-прыкладных відах спорту, удзельнічалі ў тэматычных вечарынах і вечарынах адпачынку.
У 1965 годзе Паліна Сямёнаўна паступіла на завочнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута на геаграфічны факультэт, а з 1966 па 1983 гады выкладала ў школе геаграфію. Урокі П.С. Цыбульскай заўсёды былі цікавымі, змястоўнымі, вылучаліся навізной. Яна ўдзялала вялікую ўвагу пазакласнай рабоце па прадмету. Пад яе кіраўніцтвам рабяты займаліся пошукавай дзейнасцю. Дзякуючы Паліне Сямёнаўне, у школе была распачата работа па стварэнні летапісу школы, з’явіліся матэрыялы па гісторыі стварэння калгаса імя ХХІІ з’езда КПСС, арганізавана перапіска са школьнікамі саюзных рэспублік.
Многія дасягненні школы звязаны з імем гэтага выдатнага педагога.
Шмат гадоў працавала ў школе настаўніцей пачатковых класаў Бельская Таццянв Андрэеўна (1915 г.н.), 36 гадоў Осіпава Таццяна Ямельянаўна.
Шмат гадоў працавала ў школе настаўніцай пачатковых класаў Бельская Таццяна Андрэеўна (1915 г.н.), 36 гадоў—Осіпава Таццяна Ямельянаўна.
У 1966 г. у Каменскую сярэднюю школу прыходзіць працаваць настаўніцай біялогіі і хіміі Пракопчык Ларыса Ціханаўна, якая стала прадаўжальніцай дынастыі Толкач. Глыбока і ўсебакова ведаючы свой прадмет, яна імкнулася да прывіцця цікавасці да яго і ў школьнікаў. Дзеля гэтага Ларыса Ціханаўна самыя розныя метады навучання: ад хімічных эксперыментаў і навуковых тлумачэнняў, да аповедаў пра працу вучоных, прыводзіла гістарычныя звесткі, зачытвала яркія выказванні, урыўкі з артыкулаў і кніг, вершы, чым давала магчымасць лепш зразумець змест вывучаемага матэрыялу. Вынікам работы Пракопчык Л.Ц. былі штогадовыя прызавыя месцы яе навучэнцаў у раённых і абласных алімпіядах.
Ларыса Ціханаўна ўдзяляла вялікую ўвагу арганізацыі пазакласнай работы па вывучаемаму прадмету: доўгія гады кіравала работай гуртка “Юны натураліст”. Акрамя таго, яна шмат гадоў кіравала міжшкольным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў хіміі і біялогіі.
У 1986 г. Пракопчык Л.Ц. прысвоена званне “Старэйшы настаўнік”, яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР, значком “Выдатнік народнай адукацыі БССР”.
У 1976 годзе ПМК-15 пабудаваў двухпавярховы будынак школы непадалёку ад старога будынка, а стары будынак школы пераабсталяваны пад НВК. У школе навучаецца 227 вучняў, дырэктар – Кісін І.А. З таго часу пачаўся новы этап у гісторыі Каменскайскай сярэдняй школы..
Кісін Ісак Абрамавіч шмат сіл і намаганняў уклаў ва ўмацаванне вучэбна-матэрыяльнай базы навучальнай установы. У школе былі створаны цудоўныя кабінеты, аснашчаныя неабходным абсталяваннем, сталярная і слясарная майстэрні, кампутарны клас, абсталяваны цяпліца і цір, аформлены кабінет прафарыентацыі і этнаграфічны музей.
Дзякуючы вопытнаму кіраўніку, школа стала адной з лепшых у раёне па рабоце з педагагічнымі кадрамі, па ідэйна-палітычным і ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў. На базе школы праводзіліся раённыя, абласныя і рэспубліканскія семінары, з мэтай вывучэння вопыту работы прыязджалі педагогі з Польшчы і В’етнама.
З 1989 года педагагічны калектыў працаваў над праблемамі дыферэнцыраванага навучання школьнікаў па эксперыментальным плане, які быў распрацаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. За лік школьнага кампаненту ў пачатковай школе выкладаліся такія прадметы, як: рытміка, інфарматыка, англійская мова, праводзіліся развіваючыя заняткі па псіхалогіі; у 11-м класе праводзіліся курсы на выбар па рускай, беларускай, англійскай мовам, інфарматыцы, матэматыцы, валеалогіі; у 9-м класе—інфарматыцы, фізіцы, беларускай мове; у 5-м—рускай і беларускай мовам, матэматыцы. Акрамя таго, працуюць курсы “Правы дзіцяці”, “Школа этыкету”. З мэтай развіцця творчых здольнасцей навучэнцаў, у школе працуюць вакальны, лялечны, стралковы гурткі, гурток інфарматыкі і “Умелыя рукі”. Самымі вялікімі па колькасці ўдзельнікаў былі харэаграфічны гурток і гурток “Мастацкае слова”.
Да 1990 года ў школе дзейнічалі піянерская і камсамольская арганізацыі, якія лічыліся правафланговымі ў раёне. На ліку піянераў і камсамольцаў тых гадоў шмат цікавых, змястоўных спраў. Паспяхова выступаюць члены гэтых арганізацый на раённых турыстычных слётах, у складзе школьнай агітбрыгады “Сучаснік” выязджаюць на палі і фермы роднага калгаса, выступаюць у Чырвоных кутках, актыўна ўдзельнічаюць у краязнаўчай і пошукава-даследчай рабоце, у экспедыцыях “Наш край Прыдняпроўскі”, “Мая Радзіма—СССР”, у юнармейскім руху.
Кісін І.А. здолеў яб’яднаць вакол сябе калектыў аднамыснікаў і энтузіястаў, дзякуючы працы якіх школа стала адной з лепшых у раёне.
На высокім узроўні была пастаўлена работа па ваенна-патрыятычным вызаванні падрастаючага пакалення настаўнікам па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы Цыбульскім Мікалаем Абрамавічам. Ён змог зацікавіць рабят папулярнымі ў 70-80-ыя гады ваенна-спартыўнымі гульнямі “Зарніца” і “Арляня”. Дзякуючы нястомнасці, вялікай працавітасці Мікалая Абрамавіча, у школе была створана выдатная вучэбна-матэрыяльная база па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы.
Школьныя юнармейскія атрады на працягу 10 гадоў з’яўляліся нязменнымі пераможцамі раённых, абласных, рэспубліканскіх фіналаў гульні “Зарніца”. Магілёў і Бранск, Полацк і Севастопаль, Екацярынбург і Масква, Адыгейская вобласць—у гэтых месцах пабывалі юнармейцы з Каменскай школы. На роўных змагаліся яны па ўсіх відах ваенна-прыкладных дысцыплін з камандамі з Масквы, Ленінграда, Калінінграда, Пярмі, Омска і іншых гарадоў Расіі.
Правай рукой, нязменным памочнікам кіраўніка была піянерважатая Паляковіч Алена Аляксандраўна. Актыўная, ініцыятыўная, з вялікім пачуццём адказнасці яна здолела зацікавіць дзяцей і накіраваць іх на выкананне грамадска карысных, значымых спраў. Дзякуючы Паляковіч А.А. піянерская дружына імя В.У. Церашковай пачынаючы з 1980 года па праву насіла званне правафланговай у Бабруйскім раёне.
Вялікую ўвагу Алена Аляксандраўна надавала сістэме чаргавання творчых даручэнняў (ЧТД), развіццю навыкаў самаўпраўленчай дзейнасці ў атрадах і звеннях. Немалая яе заслуга і ў паспяховым развіцці юнармейскага руху ў Каменскай СШ.
Звыш 30-ці гадоў працавала намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аўсіенка Людміла Пятроўна. Прырода ўзнагародзіла гэтага чалавека не толькі талентам мудрага кіраўніка. Людміла Пятроўна тонкі псіхолаг, цудоўны арганізатар і проста таленавіты чалавек. На працягу многіх гадоў узначальвала школьную пярвічную арганізацыю таварыства Чырвонага Крыжа, курыравала работу
камсамольскай арганізацыі, з’яўлялася кіраўніком палітычнага клуба “Глобус”, паліттэатра, агітбрыгады “Сучаснік”. Дзякуючы яе намаганням, у школе створаны этнаграфічны музей, у якім сабраны багаты краязнаўчы матэрыял аб родным краі.
З 1989 года Людміла Пятроўна ў садружнасці з настаўнікамі-аднамыснікамі паспяхова ўкараняе ў практыку выхаваўчай работы школы элементы методыкі калектыўнага творчага выхавання (КТС). У 1999-2002 гг сумесна з педагогам-арганізатарам Паляковіч А.А. распрацоўвае шматэтапную праграму “Падарожжа вакол свету”. Яе метадычныя распрацоўкі неаднаразова прызнаваліся лепшымі ў раёне, вобласці, рэспубліцы. А сцэнары святаў і калектыўных творчых спраў складаюць “залаты запас” школьнай метадычнай капілкі.
Распрацаваная сістэма выхаваўчай работы ў школе, яе вынікі неаднаразова адзначаліся Ганаровымі граматамі раённага, абласнога аддзелаў адукацыі, рэспубліканскімі граматамі. На працягу многіх гадоў Аўсіенка Л.П. выступала перад калегамі з асвятленнем вопыту работы на абласных, рэспубліканскіх курсах павышэння кваліфікацыі.
Значны ўклад у школьнае жыццё ўнёс таленавіты настаўнік малявання і ММК Чміль Уладзімір Фёдаравіч. Яму належыць ідэя стварэння ў школе грамадскага аб’яднання “Братэрства шкаляроў”, якое прыйшло на змену фармальна існаваўшым у 90-ыя гады піянерскай і камсамольскай арганізацыям. У выніку вывучэння гісторыя стварэння Беларусі, дзейнасці “братэрскіх школ”, якія дзейнічалі ў школах у ХХІУ стагоддзі, ім быў распрацаваны праект Статута аб’яднаня, вызначаны напрамкі дзейнасці для кожнай узроставай групы. Члены аб’яднаня “Братэрства шкаляроў” на працягу 16 гадоў цесна супрацоўнічалі з раённай піянерскай арганізацыяй, з’яўляючыся нязменным удзельнікам усіх раённых і абласных акцый і грамадска значных спраў. Школнікі не толькі захавалі, але і значна развілі лепшыя традыцыі піянерскай і камсамольскай арганізацый, падрыхтавалі глебу для адраджэння ў 2003-2006 гг. піянерскага і камсамольскага руху ў Каменскай сярэдняй школе.
Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці школы ў тыя часы прымалі: Лена Бародзіч, Алег Клешчанок, Алег Тарасаў, Валянціна Курсак, Галіна Бялова, Валянціна Лапко, Святлана Федзяшова, Таццяна Дзыгун, Мікалай Чарняўскі, Надзея Струкава, Ірыны Спаднеўская, Вера Слінькова, Рыта Клешчанок, Андрэй Жукаў, Аляксандр Смаршчок, Алег Карагін. Дзякуючы Сундуковай Ларысе, Гарошка Сяргею, Гайковай Людміле аформлена Кніга Народнай Славы, летапіс школы, летапіс піянерскай і камсамольскай арганізацый. Спартыўную славу школе прынеслі: Раманчанка Ірына, Новікава Наташа, Карольчык Таццяна, Рэшатова Нэля і іншыя рабяты.
У школе ёсць добрая традыцыя: у канцы навучальнага года праводзіць свята школы. У гэты дзень многія вучні атрымліваюць граматы, райвыканкам узнагароджвае грашовымі прэміямі лепшых рабят. А яшчэ кожны выпускнік атрымлівае ў падарунак альбом. Рабяты і не падазраюць, што, пакуль яны вучацца, на іх збіраецца цэлае дасье: іх літаратурныя опусы і фотаздымкі з розных мерапрыемстваў, любімыя выразы, расказы бацькоў і ўсё самае-самае цікавае, што тычыцца асобы выпускніка. Гэты альбом – самы дарагі падарунак.
Школьны краязнаўчы музей
У 1980 годзе на базе раней дзейнічаўшага Ленінскага пакоя сіламі вучнаяў і настаўнікаў быў створаны этнаграфічны музй. Кіраўніком музея была Аўсіенка Л.П. Значны ўклад у стварэнне і развіццё школьнага музея ўнеслі педагогі Цыбульская П.С., Піскун Г.В., Осіпава Т.Я., Паляковіч А.А. Актыўны ўдзел у краязнаўчай рабоце прымалі Чыжонак А.П., Філіпчык Т.М., Паўлюкевіч А.Я.
Музей размяшчаўся ў невялікім памяшканні плашчай 14,5 м². У хуткім часе ў сувязі з паступленнем экспанатаў і сабраных матэрыялаў узнікла неабходнасць у пашырэнні яго плошчы.
У 2006 годзе музей быў пераведзены ў памяшканне ў старым будынку школы; цяпер ён займаў плошчу 26,40 м². З гэтага ж года музей змяніў профіль і пачаў называцца краязнаўчым. У 2013 г. у сувязі з аварыйным станам будынка музей быў пераведзены ў асобнае памяшканне плошчай 16,82 м², якое знаходзілася ў аднаэтажным будынку школьнай майстэрні. У музеі створаны ўмовы для захавання экспанатаў.
Музей дае наведвальнікам уяўленне аб ладзе жыцця і побыце жыхароў в. Каменка і навакольных вёсак, іх будзенных занятках і святах.
Навучэнцамі і настаўнікамі сабраны посуд для прыгатавання і ўжывання ежы: макацёркі, гаршчкі, маслабойка, лапатка для выпечкі хлеба, крагаз, прымус і многае іншае.
Цікавасць у наведвальнікаў выклікае адзенне продкаў: майстэрскі вырабленая на ткацкім станку масцовымі майстрыхамі жаночая бялізна, аздобленая кружалямі, мужчынскія кашулі.
Наведвальнікі маюць магчымасць пазнаёміцца з інтэр’ерам вясковай хаты. Злева ад дзіцячай люлькі на сцяне вісіць паліца для посуду. Хаця выраблена яна параўнальна нядаўна, але дакладна падобна на сваю папярэдніцу. На полцы размясціўся посуд, які належаў жыхарам вёскі: сальніца, гаршчочкі, самаробныя лыжкі і нажы. Тут і маслабойка, і збаны, і корабы.
Пасярэдзіне пакоя знаходзіцца яшчэ адна калыска для закалыхвання дзіцяці. Яна ўмацавана на цапкі: тры злучаныя палкі, якія служылі апорай калысцы. Такую люльку жанкі маглі выносіць на вуліцу, ці браць з сабой у поле.
У другой частцы пакоя шафы, у якіх змяшчаюцца прадметы хатняга побыту: кораб, сплецены з ліпы і выкарыстоўваемы пры сяўбе зерневых; туясок-кораб, з якім вясковыя дзяўчаты хадзілі па ягады; шчотка для апрацоўкі ільну; дзежка для цеста.
Адным з самых старых і каштоўных экспанатаў з’яўляецца Часаслоў, кніга, па якой вучыліся грамаце вясковыя дзеці. Часаслоў быў уручаны адной з лепшых вучаніц Брожскай царкоўна-прыходскай школы Болбас Лізавеце за лепшае веданне Закона Божага. Дочкі Лізаветы Фёдараўны падарылі музею яшчэ адзін экспанат—халшчовае вядро, з якога кармілі каня. Яго ў далёкім 1917-м пакінуў Лізавеце на памяць аб сабе данскі казак Платон, які абараняў Савецкую ўладу на Бабрушчыне.
У працэсе пошукавай работы быў сабраны матэрыял аб гісторыі калгаса імя ХХІІ з’еўда КПСС, аб яго працаўніках. Калгас лічыўся ў 70-я гады ХХ стагоддзя адным з лепшых у рэспубліцы, быў міл’янерам, дабіваўся высокіх паказчыкаў дзякуючы умеламу кіраўніцтву Шараварава Ф.Н. Гэты матэрыял прадстаўлены ў альбоме «Прошлое. Настоящее. Будущее». Партрэт старшыні калгаса Шараварава Ф.Н., напісаны на палатне невядомым мастаком, з'яўляецца адным з каштоўных экспанатаў музея.
На працягу многіх гадоў рабяты разам з дарослымі збіралі і вывучалі матэрыялы аб гераічным мінулым сваіх землякоў, роднага краю. Вялікую каштоўнасць уяўляе Кніга Народнай Славы, у якой змешчаны матэрыялы аб жыхарах Слабадкоўскага сельскага Савета—удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.У музеі зберагаюцца матэрыялы, якія расказваюць пра пахаванні воінаў Савецкай Арміі,
мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны на тэрыторыі Слабадкоўскага сельскага Савета. Рабяты не толькі ведаюць гісторыі помнікаў, але і пастаянна працуюць па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол іх, праводзяць Вахту Памяці. У ходзе пошукавай работы былі ўстаноўлены спісы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, праведзена аперацыя “Зорка”, мэта якой – напамін аб той страшнай вайне і выхаванне павагі да тых, хто выстаяў у ёй, абараняючы Айчыну.
У фондах музея захоўваюцца матэрыялы аб гісторыі стварэння Каменскай сярэдняй школы, стварэння і дзейнасці піянерскай і камсамольскай арганізацый, юнармейскага і валанцёрскага руху. З-за абмежаванасці плошчы музея, яны прадстаўлены ў выглядзе летапісаў (альбомаў і фотаздымкаў настаўнікаў і вучняў).
Тут можна даведацца аб найбольш паважаных сем’ях у вёсцы, пазнаёміцца з традыцыямі, існуючымі ў гэтых сем’ях, а таксама навучыцца складаць радавод.
Шматлікія матэрыялы пазнаёмяць са звесткамі аб стварэнні першай бібліятэкі, Дома культуры, ФАПа. Ёсць тут і прыпеўкі, якія выконваліся раней. Ёсць і фотаздымкі таленавітых спевакоў, танцораў і музыкаў з народа.
Пры музеі працуе група навучэнцаў-экскурсаводаў.
Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 13
Да сярэдзіны 2017 года ў в. Слабодка існаваў Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 13.
Жыццёвы шлях ліцэя пачаўся 30 сакавіка 1951 года, калі была арганізавана школа механізацыі ў г. Бабруйску. За шматгадовую гісторыю існавання навучальная ўстанова неаднаразова цярпела рэарганізацыю і мяняла назву—Бабруйскае вучылішча механізацыі і сельскай гаспадаркі № 8 (у 69-ым яно перамясцілася з Бабруйска ў в. Слабодка), СПТВ № 213 меліярацыйнага будаўніцтва, Бабруйскае дзяржаўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 213 сельскагаспадарчай вытворчасці. У лютым 2006 года вучылішча атрымала статус ліцэя і стала называцца Бабруйскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 13.
У ліцэі мелася ўся неабходная навучальна-матэрыяльная база для падрыхтоўкі навучэнцаў: 2 вучэбныя карпусы, вучэбна-вытворчыя майстэрні, грамадска-бытавы корпус, інтэрнат, абсталяваны 31 кабінет па агульнаадукацыйнай і спецыяльнай падрыхтоўцы, 9 лабараторый, дзве майстэрні, вучэбныя аўтамабільны і трактарны палігоны. У машына-трактарным парку мелася неабходная колькасць аўтамабіляў, трактараў, камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. Для адпрацоўкі практычных навыкаў па вырошчванню сельскагаспадарчых культур мелася 188 гектараў ворыўнай зямлі, вучэбная гаспадарка, сад, стацыянарная цяпліца, жывёлагадоўчая ферма.
Эфектыўна ажыццяўлялася ў ліцэі пазабюджэтная дзейнасць, якая з’яўлялася добрай крыніцай сродкаў для забеспячэння навучальнага працэса, развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы установы. Адным з асноўных відаў пазабюджэтнай дзейнасці з’яўлялася вырошчванне расады і агародніны. У 2011 годзе такім чынам было зароблена 6,5 млн. рублёў.
На жывёлагадоўчай ферме, на якой утрымліваліся свінаматкі, навучэнцы, якія вучыліся па спецыяльнасці “аператар жывёлагадоўчых комплексаў механізаваных ферм” праходзілі вытворчае навучанне. Ферма таксама прыносіла установе прыбытак за кошт продажу парасят.
Яшчэ адной крыніцай пазабюджэтнай дзейнасці было зерне. Апроч таго, што адміністрацыйная тэрыторыя ліцэя займала 27 гектараў, у раёне кальцавой дарогі меліся 204 гектары зямлі, дзе ліцэісты займаліся зерневымі культурамі—азімым жытам, ячмянём, аўсом. Штогод прадавалася каля 20 тон зерня, а частка пакідалася сабе для вырабу мукі на асабістым электрычным млыне на корм свінаматкам.
Навучэнцам прадастаўляўся інтэрнат. Акрамя пакояў для пражывання, тут былі памяшканні для самападрыхтоўкі, медпукт, памяшканне для гурткавой работы, спартыўная зала, спецыяльнае памяшканне з пральнай машынай і сушылкай, кухня з электраплітамі. Для пражываючых у інтэрнаце 3-х разовае харчаванне, бясплатнае. Для астатніх—бясплатны абед. У сталовай быў таксама буфет.
Акрамя прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, у ліцэі былі створаны добрыя ўмовы для культурна-масавай работы розных напрамкаў. Усяго было 10 гурткоў: вакальны “Сола”, танцавальны “Танцы плюс” (кіраўнік Т. В. Еўсюкова), гурток народных інструментаў (на яго базе створаны быў ансамбль народных інструментаў. Кіраўнік В. Г. Бароўскі), гурток дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Дэкор” (кіраўнік А. В. Ялінская), гістарычны “Спадчына”, гісторыка-патрыятычнага напрамку “Прызыўнік”, гурткі па інфарматыцы, спартыўныя секцыі.
31.07.2017г. ліцэй спыніў сваё існаванне ў сувязі з рэарганізацыяй.
За 65-гадовы час існавання ліцэя тут працавалі:
• заслужаныя работнікі сістэмы прафтэхадукацыі Смерціна Раіса Мінееўна і Кузьміна Надзея Андрэеўна;
• Выдатнікі сістэмы прафтэхадукацыі Курто Васіль Яўсеевіч—дырэктар, Шандзяровіч Рыгор Саламонавіч—ст. майстар, Васількоўскі Фёдар Сямёнавіч—майстар в/н
Гонарам ліцэя былі яго выпіскнікі:
• Героі Сацыялістычнай Працы Папко Канстанцін Сцяпанавіч і Жлоба Юліян Ягоравіч
• Лаўрэаты прэміі імя Ленінскага камсамола Курлянчык Рыгор Канстанцінавіч і Ткач Анатоль Іванавіч
• Ардэнаносцы Жлоба Л.М., Арэшка А.Ф., Шаўцоў Т.Т., Жудро К.П., Гацко А.Г., Корбут І.В., Толсцік І.В., Баглай Н.С., Аліленка А.П., Астапенка В.Н., Каннунікаў А.І., Мухтараў В.Х., Тумашэнка А.П. і інш.
Установа адукацыі «Каменская дзяржаўная дапаможная школа-інтэрнат»
Школа пачала функцыянаваць у 1963 годзе як Цялушская дапаможная школа, заснаваная на базе дзіцячага дома, існаваўшага з 1952 года.
У 1974 годзе школа пераехала ў новы тыповы будынак у в. Слабодка і была перанайменавана ў Каменскую дапаможную школу-інтэрнат (рашэнне Магілёўскага аблвыканкама ад 07.06.1974 г. № 282).
У 2005 годзе школа набыла статус дзяржаўнай установы і атрымала назву УА «Каменская дзяржаўная дапаможная школа-інтэрнат». Цяпер—гэта стабільна працуючая установа, якая дае спецыяльную адукацыю дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (інтэлектуальны недахоп).
У школе (агульная плошча будынка—4280 м²) абсталяваны спартыўная і трэнажорная залы, кампутарны клас, навучальныя кабінеты, актавая зала, бібліятэка, медыцынскі блок з ізалятарам, прывівачным і працэдурным кабінетамі, сталярная, слясарная, 2 пашывачныя майстэрні, сталовая, спальныя пакоі, пральня, 2 душавыя, гульнёвыя і спартыўныя пляцоўкі, стадыён. На тэрыторыі школы маецца вучэбна-вопытны ўчастак плошчай 2 гектары.
З 1973 па 1979 гг. дырэктарам школы быў Сайкоўскі Вячаслаў Станіслававіч.
З 1979 па 2005 гг. работу школы ўзначальваў Ганчарык Іван Іванавіч.
Працаваць у такой спецыфічнай установе далёка не проста. Тут, акрамя прафесіяналізма, штодзённа патрабуюцца такт, вытрымка, дабрыня. Усім гэтым прырода спаўна надзяліла Івана Іванавіча. Нарадзіўся ён у даваенны час у сялянскай сям'і і ўсё жыццё памятаў, як пастаянна хацелася есці, па-нармальнаму адзецца і абуцца. Таму для сваіх выхаванцаў імкнуўся стварыць дастойныя ўмовы для жыцця, рабіў упор на спалучэнне працы і вучобы. Разам з неабходнымі ведамі, прадугледжанымі вучэбнай праграмай для дапаможных школ-інтэрнатаў, яны атрымліваюць тут асновы сваіх будучых рабочых спецыяльнасцей, займаючыся ў пашывачнай і сталярна-мечханічных майстэрнях, на вопытным зямельным участку, дзе вырошчваюць гародніну.
Вялікую дапамогу ў вырашэнні фінансавых праблем школы аказ- вае падсобная гаспадарка, аснову якой складае свінаферма. Продаж свініны прыносіць неабходныя сродкі.
Ганчарык І. І. ўнёс таксама значны ўклад у ідэйна-маральнае, патрыятычнае выхаванне навучэнцаў. Яны вылучаюцца законапаслухмянасцю і сур'ёзнай павагай да гістарычнай спадчыны радзімы. Па ініцыятыве дырэктара школьнікі ўзялі шэфства над 21 ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, адзінокімі састарэлымі людзьмі вв. Каменка, Слабодка, Зацішша. Затым рабяты ўзяліся разам з настаўнікамі і выхавацелямі за навядзенне парадку на вялікім пахаванні, дзе гітлераўцы растралялі больш за 10 тысяч бабруйскіх яўрэеў, мірных жыхароў і пленных чырвонаармейцаў. Уся гэтая тэрыторыя была ачышчана, а ў гонар 60-годдзя Перамогі калектыў школы пасадзіў тут 150 маладзенькіх рабін.
Жыхары вёскі Каменка з павагай называлі Ганчарыка Івана Іванавіча «наш Макаранка».
З 2005 па 2019 гг. УА «Каменская дзяржаўная дапаможная школа-інтэрнат» кіруе Краўчанка Леанід Мікалаевіч.
Леанід Мікалаевіч нарадзіўся ў 1951 годзе ў в Любонічы Кіраўскага раёна, бацькі яго былі сялянамі. У сям’і было пяцёра дзяцей і бацькі зрабілі ўсё магчымае, каб усе яны атрымалі вышэйшую адукацыю.
Л.М. Краўчанка быў настаўнікам, дырэктарам у школах Бабруйскага раёна, інспектарам РАНА, загадчыкам аддзелам культуры Бабруйскага райвыканкама і намеснікам старшыні райвыканкама, 13 гадоў кіраваў Каменскай дапаможнай школай-інтэрнатам і рабіў усё магчымае для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, прафесійнага самавызначэння навучэнцаў.
З 15 мая 2019 года школу ўзначаліла Міхайлоўская Наталля Уладзіміраўна.
Ужо больш за два дзесяцігоддзі школу курыруе Белкаапсаюз. Штогод шэфы аказваюць сур’ёзную дапамогу: у школе з’яўляецца новая мэбля, кампутары і праводзіцца рамонт. Тут становіцца цяплей і ўтульней.
Адзін з профіляў працоўнага навучання ў школе-інтэрнаце—пашывачны, таму абсталяванне тут сваё: вытворчыя швейныя машыны, аверлок. У красавіку 2019 года, калі пачалася пандэмія каронавіруса, працоўны калектыў і навучэнцы школы далучыліся да дабрачыннай акцыі «Дапамога ахове здароўя». У дапамогу Бабруйскай гарадской паліклініцы №2 тут сталі вырабляць медыцынскія маскі.
Культура вёскі
З пачатку будаўніцтва сацыялістычнага ладу ў краіне ўся культурна-масавая работа ў вёсцы была засяроджана ў школе. У даваенны час пачалося будаўніцтва сельскага клуба, але вайна парушыла ўсе планы. Будынак застаўся недабудаваным, а за гады вайны і зусім знішчаны.
У школе збіраліся і моладзь, і сталыя людзі: ставілі спектаклі, спявалі, чыталі вершы. Кіравалі ўсёй работай настаўнікі мясцовай школы. Дырэктар школы Сыцько В.С. добра граў на скрыпцы, сам выступаў перад насельніцтвам разам з настаўнікамі: Толкач Ц. В., Манько Г.П. Актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці ў той час прымалі Пыж Н.С., Кукліцкая К.С., Ліпніцкая Ганна, Ліпніцкая Ядзвіга, Эйсаковіч Адам і іншыя.
Пасля вайны ўсе культурныя мерапрыемствы па-ранейшаму праводзіліся ў актавай зале школы: тут адзначаліся ўсе рэвалюцыйныя святы, праходзілі ўрачыстыя пасяджэнні калгаснікаў, прагляд кінастужак, вечары адпачынку.
З 1955 года арганізатарам мастацкай самадзейнасці з’яўляўся Толсцік Фёдар Якаўлевіч, які скончыў музычную школу ў Бабруйску і добра граў на баяне. Ён жа арганізаваў мясцовую моладзь на будаўніцтва танцавальнай пляцоўкі. З яго дапамогай быў арганізаваны духавы аркестр, у склад якога ўваходзілі ў асноўным школьнікі: Усаў Жэня, Кульбо Піліп, Адзінец Павел і інш.
Каменскі сельскі клуб
У 1962 годзе нарэшце быў пабудаваны сельскі клуб.
Першым яго загадчыкам стала Гарошка Яўгенія Цімафееўна, якая да гэтага працавала кінамеханікам. Пазней загадчыцай клуба стала Чарняўская Ганна, а Яўгенія Цімафееўна ўзначаліла работу бібліятэкі.
Музычным работнікам некаторы час быў Краснабаеў Анатоль.
У 1970 годзе ў Каменскім сельскім клубе пачала сваю працоўную дзейнасць Амос Наталля Анатолеўна,
якая прыехала на Бабруйшчыну ўслед за мужам. Са з’яўленнем Наталлі Анатолеўны культурнае жыццё ў вёсцы атрымала новае дыханне. Пры клубе працавала вакальная група, у склад якой уваходзілі вучні Каменскай школы Радаман Галіна, Галавач Вера, Глушакоў Фёдар і інш. Асабліва актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці і памочніцай Амос Н.А. была вучаніца 10 класа Галавач Вера. Музычнае суправаджэнне ажыццяўляў Глушакоў Фёдар Цімафеевіч.
Спачатку ў клубе не бало навата прайгравальніка, толькі баян. Працаваў самадзейны калектыў духавога аркестра, якім кіраваў Сярэдзін Рыгор. Пазней сталі з’яўляцца музычныя інструменты і пры Доме культуры быў арганізаваны ВІА з мясцовых рабят, якія на працягу многіх гадоў (да 1995 года) прымалі ўдзел у аглядах, конкурсах, канцэртах, займалі прызавыя месцы. Нават усе танцавальныя вечары праходзілі пад музыку ў выкананні ВІА. Склад калектыву пастаянна мяняўся, т.я. рабяты вырасталі, раз’язджаліся, але на змену ім прыходзілі іншыя.
Паляпшалася матэрыяльна тэхнічная база клуба. Былі набыты прайгравальнік, ударная ўстаноўка, калонкі, пазней—узмацняльнікі, тэлевізар, магнітафон, пласцінкі. З’явіліся ўмовы для стварэння вакальна-інструментальнага ансамбля. Першымі яго ўдзельнікамі былі салдаты воінскай часткі, а пазней у яго склад уваходзілі вучні Каменскай школы: Юрынец Валерый, Сушылін Юрый, Цыбульскі Слава, Струкаў Ігар, Пракопчык Аляксандр, Тарасаў Алег, Шушлякоў Віктар і інш. Склад удзельнікаў ВІА пастаянна абнаўляўся. Кіраўніка спачатку не было, рабяты самі вучыліся і гралі. Толькі ў 1985 годзе кіраўніком ансамбля стаў Гудкоў, а праз некаторы час—Адзінокаў Я.А.
З прыходам акампаніятара Прышчэпа Н.С. самадзейнасць значна ўзрасла. Нават рыхтаваліся да атрымання звання народнага калектыву. Але трагічная смерць акампаніятара не дазволіла збыцца гэтым планам. Пазней акампаніятарамі працавалі Боўда В.І. і Шчалкуноў В.
У 1980-ыя гады Каменскі клуб атрымаў статус Каменскага сельскага дома культуры. Тады тут працавалі гурткі мастацкага слова і сольнага спявання, драматычны, агітбрыгада, вакальная група і вакальна-інструментальны ансамбль, дыскатэка “Формула” і танцавальны калектыў.
У 1987 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка дома культуры. І ў 1988 годзе ён гасцінна расчыняе дзверы для наведвальнікаў.
Да 2005 года будынак Дома культуры лічыўся на балансе калгаса імя ХХ11 з’езда КПСС. Капітальны і бягучы рамонты СДК не рабіліся з моманту яго будаўніцтва з-за адсутнасці сродкаў, і будынак паступова прыходзіў у заняпад. З чэрвеня 2005 года будынак СДК перададзены на баланс аддзела культуры. З сакавіка 2008 года па 2010 год будынак знаходзіўся на капітальным рамонце.
У 2007 гозе ў Доме культуры арганізавалі новы вакальны калектыў у складзе 12-ці чалавек. Акампаніятар-гарманіст Булацкі А.І., маст. кіраўнік – Амос Н.А.
З 1 жніўня 2009 года Дом культуры ўзначальвае Бодык А. А.
Наталля Анатолеўна Амос звыш 40 гадоў ажыццяўляла кіраўніцтва работай Каменскага сельскага дома культуры. У 2010 годзе яна перайшла на пасаду мастацкага кіраўніка. Але і калі выйшла на заслужаны адпачынак засталася адной з самых актыўных удзельніц культурнага жыцця раёна. Яна з’яўляецца творчым натхніцелем і кіраўніком вакальнага ансамбля “Жартаўніцы”, удзельнічае ў народным хоры Цэнтра культуры. Бог надзяліў яе самабытным талентам, мяккім прыемным голасам, і яна шчодра дзеліцца сваім майстэрствам, песні ў яе выкананні па-ранейшаму зачароўваюць душы і сэрцы слухачоў. Акрамя таго, яна з’яўляецца старшынёй ветэранскай арганізацыі Слабадкоўскага сельскага Савета.
У 2013 годзе пасаду загадчыка Каменскага сельскага клуба заняла Нікіфаравец Жана Аляксандраўна.
Некаторае ўяўленне аб рабоце клуба можа даць публікацыя ў газеце “Трыбуна працы” за 19.10.2019 г. "Милый образ матери моей...".
“...Под таким названием 15 октября в Каменском сельском клубе прозвучала литературно-музыкальная композиция, приуроченная к Дню матери.
Приятные сюрпризы начались уже при входе в зал — здесь были представлены выставки детского рисунка «Портрет матери моей» и «I я ля маці сэрцам спачываю...».
Библиотекари центральной библиотеки подготовили выставку- поздравление «С Днем матери!», презентацию книги известного православного писателя Евгения Дудкина «Молитва матери со дна моря достанет: случаи из современной жизни с приложением молитв» и беседу «День Матери и Покров Пресвятой Богородицы».
В уютном зале своих мам и бабушек поздравляли талантливые воспитанники вокальной группы «Задоринка», кружков эстрадной песни «Звонкнй голос» и литературно-драматического — «Лира». Ребята читали стихи, пели песни.
Ведущие праздника посвятили много теплых слов женщинам- мамам многодетных семей, в том числе семей, которые растят приемных детей. Это Е. Горбачевская, Г. Ячная, О. Смычник, Е. Емельянова, А. Аликберова-Балахун, Т. Хомиченко. Низкий поклон выразили матерям, узницам, перенесшим страдания Великой Отечественной войны, — Нине Алексеевне Андреевой и Марте Петровне Пинчук. Как рассказала заведуюшая отделом обслуживания и информации центральной библиотеки Жанна Плышевская, не забыли во время мероприятия и о старейших жи- тельницах наших сел — 95-летних Леонтине Николаевне Никитиной и Александре Михайловне Гутник, 92-летней Мальвине Викентьевне Филипчик и Капитолине Яковлевне Емельяновой, которой исполнилось 86 лет.
Во время праздника проникновенно звучали песни в исполнении Натальи Амос и Жанны Никифоровец. В конце мероприятия ребята с удовольствием приняли участие в фотосессии «Поздравим маму и бабушку вместе!».
Каменская сельская бібліятэка
У 1962 годзе бібліятэка атрымлівае памяшканне ў новым пабудаваным клубе. Бібліятэка размясцілася на плошчы 45 м². У ёй на момант стварэння цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі раёна ў 1978 годзе налічвалася каля 9 тысяч кніг, абслугоўвалася звыш 600 карыстальнікаў, кнігавыдача складала звыш 11 тысяч адзінак. У 1989 годзе, калі клуб перамясціўся ў новы будынак, быў зроблены капітальны рамонт старога будынка, бібліятэка атрымала дадатковую плошчу і цяпер займала два пакоі на 85 м², што дало магчымасць лепш размясціць кніжны фонд і абсталяваць чытальную залу.
30 гадоў (з 13.07.1968 г. па 15.11.1998 г.) бібліятэчную дзейнасць ажыццяўляла Гарошка Яўгенія Цімафееўна.
На працягу многіх год ёю паспяхова выконваліся сацыялістычныя абавязацельствы і бібліятэка неаднаразова атрымлівала званне “Бібліятэка выдатнай работы”. Зыходзячы з даведкі аб рабоце Каменскай сельскай бібліятэкі, ў 1983 годзе бібліятэчным абслугоўваннем карысталіся 713 чытачоў, якім было выдадзена звыш 14 тысяч кніг і іншых дакументаў і матэрыялаў. Разам са школай і клубам бібліятэкай праведзена 10 масавых мерапрыемстваў да значных і юбілейных падзей з жыцця раёна і краіны. Разнастайныя мерапрыемствы ў бібліятэцы прысвячаліся папулярызацыі чытання і літаратуры, выхаванню гарманічна развітай і адукаванай асобы па розных напрамках: патрыятычным, эстэтычным, экалагічным, прававым і г.д., па папулярызацыі краязнаўства, здаровага ладу жыцця і спорту.
Каменская сельская бібліятэка з’яўлялася школай перадавога вопыту па вывучэнню складу і выкарыстання кніжнага фонду. На яе базе праводзіліся семінары, практыкумы бібліятэчных работнікаў.
У 2007 годзе бібліятэка пераязджае ў будынак дома культуры, у якім для захоўвання бібліятэчнага фонду і абслугоўвання карыстальнікаў яна займае пакой плошчай 76 м² і дапаможнае памяшканне.
Пасля выхаду на пенсю ў канцы 1998 года Гарошка Я.Ц. у бібліятэцы змянілася чарада работнікаў: Ямельянава Алена Пятроўна, Дубовік (Ліхадзіеўская) Святлана Анатолеўна, Далінская Таццяна Іосіфаўна, Віслаус Таццяна Аляксандраўна, Запала Аксана Яўгенаўна, Касцян Анастасія Сяргееўна. Але ўсе яны працавалі нядоўгі час і не пакінулі значнага следу ў гісторыі дзейнасці бібліятэкі.
У сярэдзіне 2018 года бібліятэка падпала пад аптымізацыю і была закрыта.
З пачатку 2019 года сюды часова (з-за патрэбы ў рамонце будынку на вул. Крылова, 44 у Бабруйску) была перанесена цэнтральная бібліятэка, якая і ажыццяўляе бібліятэчнае абслугоўванне насельніцтва вёскі.
Дзяржаўная установа сацыяльнага абслугоўвання
“Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”
Год заснавання—1953. З 25 чалавек, якія першапачаткова тут пражывалі, дом-інтэрнат разросся да 365 чалавек у цяперашні час. 54 % хворых знаходзяцца на рэжыме пастаяннага кругласутаянага назірання. Сярэдні ўзрост жыхароў інтэрната перавышае 60 гадоў, але ёсць і такія, каму далёка за 80, а можа быць і 18 гадоў.
Людзі пражываюць у трох добраўпарадкаваных карпусах, два з якіх былі капітальна адрамантаваны. Маецца харчблок, пральня, іншыя гаспадарчыя службы, прызваныя забяспечыць функцыянаванне дома-інтэрната. На брукаваных тратуарнай пліткай дарожках, працягласцю 3,8 км, разбіты фантаны, альтанкі, пляцоўкі для адпачынку пражываючых. Для папраўкі фізічнага і фізічнага здароўя яны могуць карыстацца спартыўнай залай, трэнажорамі, клубам, бібліятэкай. А яшчэ адпачыць у добраўпарадкаванай лесапаркавай зоне. Тут дзейнічаюць гурткі мастацкай самадзейнасці, клуб аматараў шашак, праводзяцца выязныя мерапрыемствы.
З мэтай медыцынскага абслугоўвання, догляду за пажылымі людзмі, пакутуючымі ад хранічных псіхічных захворванняў, дзейнічаюць аддзяленні: пастаннага кругласутачнага назірання для грамадзян, якія знаходзяцца на пасцельным рэжыме; свабоднага рэжыму пражывання; часовага пражывання; суправаджаемага пражывання; лячэбна-працоўныя майстэрні. Ёсць тут і падсобная гаспадарка. Гэта дазваляе рашаць праблемы з занятасцю пражываючых, падтрымкі іх псіхічнага і фізічнага здароўя.
Медыцынскае абслугоўванне забяспечваюць амаль 200 чалавек—урачы, медсёстры, санітаркі, іншыя работнікі. Касцяк медыцынскай службы складаюць медсёстры, якія працуюць тут 30 і болей гадоў. 32 гады аддала гэтай установе доктар Мацура Таццяна Сяргееўна. У час святкавання 100-годдзя сацыяльнай службы ёй была аб’яўлена падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сястра-гаспадыня Булацкая Галіна Віктараўна ўзнагароджана граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, медсястра Дубенок Людміла Станіславаўна—граматай аблвыканкама. Больш за 30 гадоў працавала ў гэтай установе старэйшая медыцынская сястра Васільева Ірына Яўгенаўна. Маем 2019 года датавана пасведчанне аб занясенні імя гэтага спецыяліста вышэйшай катэгорыі на Дошку Гонару Магілёўскай вобласці з уручэннем пачэснага звання “Чалавек года Магілёўшчыны”.
З мая 2001 года дырэктарам дома-інтэрната становіцца Саўчанка Галіна Мікалаеўна. Яе намаганнямі шмат зроблена як для паляпшэння ўмоў пражывання і ўтрымання хворых, так і для падтрымкі іх псіхафізічага стану і сацыялізацыі. У цяперашні час дом-інтэрнат адпавядае ўсім неабходным патрабаванням: маюцца добра адрамантаваныя памяшканні, сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, кампутары і аргтэхніка.
10 студзеня 2012 г. у Каменскім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых адкрылася капліца Святога Лукі. За ўвагу да руплівай працы ў славу Царквы Божай дырэктар дома-інтэрната Г.М. Саў-чанка была ўзнагаро-джана медалём Святой Прападобнай Ефрасінні Полацкай. А за дасягненне высокіх вынікаў за 2011 год яе імя было занесена на Дошку гонару Міністэраства працы і сацыяльнай абароны. У 2020 годзе Г.М. Саўчанка указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь была ўдастоена звання “Заслужаны работнік сацабароны Рэспублікі Беларусь”.

Вялікую дапамогу дому-інтэрнату аказвае італьянаскі дабрачынны фонд. На працягу больш 10-ці гадоў супрацоўніцтва на сродкі фонду на тэрыторыі Каменскага дома-інтэрната пабудаваны стадыён, набыта абсталяванне для свечачнай майстэрні, кухні, усталяваны душавыя кабіны ў жылыя карпусы. Пабудаваны 2 цяпліцы для арганізацыі працатэрапіі, а таксама абсталявана сістэма відэаназірання для забеспячэння бяспекі, набыты кампутары і аргтэхніка, званы на капліцу. З прыцягненнем гуманітарнай дапамогі з 2019 года плануецца пабудаваць двухпавярховы жылы корпус на 10 чалавек для самастойнага пражывання. Гэта будзе яшчэ адзін важны крок па сацыялізацыі жыльцоў дома-інтэрната.
Каменскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат з’яўляецца адным з буйнейшых у рэспубліцы і лічыцца лепшым у Магілёўскай вобласці.
Знакамітыя землякі
Глінскі Міхаіл Іосіфавіч (21.11.1901 г.-29.08.1991 г.); ураджэнец в. Малая Каменка – генерал Беларускай ваеннай акругі.
Адна з вуліц у в. Каменка носіць імя М.І.Глінскага. Доўгі шлях прайшоў ён дарогамі вайны. У снежні 1941 года, у час разгрому фашысцкіх войскаў пад Масквой, ён камандаваў 41-ай кавалерыйскай дывізіяй, якая адносілася да 1-га Гвардзейскага кавалерыйскага корпуса генерала П.П.Бялова і прайшла рэйдамі па тыле ворага ў раёне Вязьмы. У 1942 годзе Міхаілу Іосіфавічу было прысвоена званне генерал-маёр. У сакавіку 1942 года яго дывізія затрымала наступ матарызаванай дывізіі немцаў “Мёртвая галава” на Харкаўскім напрамку. Пазней на пасадзе камандзіра корпуса Глінскі фарсіраваў Днепр. У студзені 1944 года ён назначаны камандаваць 15-ым кавалерыйскім корпусам у Іраку. У 1945 годзе ён атрымаў званне генерал-лейтэнант, вярнуўся з Іраку і служыў намеснікам камандуючага войскамі акругі.
У 1957-1959 гг служыў ваенным саветнікам у Румынскай арміі.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Суворава ІІ ступені, Айчыннай вайны І ступені, Чырвоный Зоркі, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга і 12-цю медалямі.
Болбас, Максім Фёдаравіч (01.07.1918—01.04.1997); ураджэнец в. Слабодка—беларускі эканаміст, гісторык. Доктар эканамічных навук, прафесар. У 1948 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт.
У 1931-1941 гады настаўнічаў у школах Клічаўскага р-на і ў Камчацкай вобласці РСФСР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Быў членам Брожскага падполля, затым—партызан атрада імя С.М. Кірава 37-й брыгады імя А.Я. Пархоменка. З 1944 года—дырэктар школ у Баранавіцкай вобласці, выкладчык Бабруйскага педвучылішча, Беларускай сельгасакадэміі, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі АН БССР.
З 1962 года—у Брэсцім інжынерна-будаўнічым інстытуце. У 1979-1984 гг.—загадчык кафедрай палітычнай эканоміі.
У 1985 г. узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені.
Булацкі, Рыгор Васільевіч (05.05.1921– 08.02.1999гг.); ураджэнец в. Мачулкі—беларускі савецкі журналіст, гісторык, прафесар. Заснавальнік і першы дэкан факультэта журналістыкі БДУ. Лаўрэат Прэміі Саюза журналістаў СССР.
У гады вайны—штурман бамбардзіроўшчыка, зрабіў больш за 80 баявых вылятаў на самалёце, набытым на асабістыя сродкі. Прымаў удзел у вызваленні Украіны, Малдавіі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Аўстрыі. У снажні 1944 года, пры выкананні важнага задання, экіпаж трапіў пад зенітны агонь ворага. Булацкі атрымаў цяжкае раненне—траўму пазваночніка. У 1946 годзе ён быў дэмабілізаваны як інвалід вайны. За мужнасць, гераізм, праяўленыя ў баях з фашыстамі, быў узнагароджаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі.
Трухан, Іван Іванавіч (11.12.1915—16.06.2000); ураджэнец в. Каменка—беларускі вучоны ў галіне эканомікі і эканамічнай геаграфіі. Кандыдат геаграфічных навук, прафесар. Працаваў галоўным рэдактарам Саўінформбюро пры Савеце Міністраў СССР, рэктарам Беларускага інстытута народнай гаспадаркі, дырэктарам НДІ эканомікі і эканоміка-матэматычных метадаў планавання пры Дзяржплане БССР, загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі БДУ.

Шаравараў, Фёдар Нічыпаравіч (1904–1972гг.); ураджэнец в. Дамантоўка Капыльскага р-на. Заслужаны аграном Беларусі.
Скончыў Чырвонабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум (1925). У 1926-1941гг. аграном, галоўны аграном, загадчык райземаддзела ў Жлобінскім і Полацкім раёнах. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1945-1955 гг. галоўны аграном Бабруйскага райземаддзела, загадчык абласнога ўпраўлення сельскай гаспадаркі. У 1955 годзе ў ліку 30-ці тысячнікаў накіраваны старшынёй калгаса імя ХХІІ з'езда КПСС.
Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі, іншымі ордэнамі і медалямі.
Бібліяграфія :
Абрамовіч, Я. Вакол сяўбы і не толькі // Трыб. працы. – 2001. - № 32
Барысаў, А. З душой да справы // Трыб. працы. – 1983. – 28 ліп.
Бабич, В. Траурный митинг прошел на месте массового захоронения жертв нацизма в деревне Каменка Бобруйского района / Вероника Бабич [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://bobrvar.by/novosti/traurnyj-miting-proshel-na-meste-massovogo-zaxoroneniya-zhertv-nacizma-v-derevne-kamenka-bobrujskogo-rajona/ https://bobrvar.by/novosti/traurnyj-miting-proshel-na-meste-massovogo-zaxoroneniya-zhertv-nacizma-v-derevne-kamenka-bobrujskogo-rajona/ .—Дата доступа : 08.11.2017.
Бобас, Максим Федорович [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://dic.academic.ru/dic.nsf/ruwiki/1751438.—Дата доступа : 2000-2020.
Богданович, И., Милохина, В. Ангелы в белых халатах / Инна Богданович, Валентина Милохина [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://www.tribunapracy.by/2019/06/angely-v-belyx-xalatax/.—Дата доступа : 15.06.2019.
Борисенко, Н.С. Историко-краеведческий музей // Чтобы память жила : (Школьные музеи Могилёвской области). В 2 ч-х. Ч.1. – Могилёв, 2002. – С.28
Босак, М. Расці авёс, шумі пшаніца ! // Трыб. працы. – 2000. - № 28
Босак, М. Святаў у іх не бывае // Трыб. працы. – 1997. - № 85
Булацкий, Григорий Васильевич [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://ru.wikipedia.org/wiki/ Булацкий,_ Григорий_ Васильевич.—Дата доступа : 20.09.2020.
Глинский, Михаил Иосифович [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://ru.wikipedia.org/wiki/Глинский,_Михаил_Иосифович.—Дата доступа : 30.03.2020.
Гриб, С. Жители интерната для психоневрологических больных в Каменке под Бобруйском / Сергей Гриб [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://www.bel-jurist.com/page/kamenka-bobruisk.—Дата доступа : 03.08.2010.
ГУО “Каменская средняя школа Бобруйского района”. Об учреждении [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : http://kamenka.bobruisk.edu.by/ru/main.aspx?guid=1041
Калгас імя ХХІІ з’езда КПСС // Трыб. працы. – 1988. – 6 жн.
Каменка. Ламбава. Пярэсава. Стасеўка. : легенды і паданні // Магілёўшчына : назвы насел. пунктаў паводле легенд. і паданяў /Склад. А.М. Ненадавец. – Мн. : Беларусь, 2002. – С.50-67
Карпенко Е. Великий человек - и простой // Трыбуна працы. – 2004. – 27 сак.
Константинова, А. Деревня ещё возродится // Трыб. працы. – 2004. – 20 ліст.
Кушнер, А. И дарит нам Бобруйскя земля преданья старины глубокой // Рэспубліка. – 1994. – 28 кастр.
Ликвидация Бобруйского гетто в Каменке [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://yandex.by/video/preview/?filmId=9406790362711546811&from=tabbar&parent-reqid=1611640772668351-1386840734660113901600107-production-app-host-vla-web-yp-354&text=каменка+бобруйский+район&url= http%3A%2F%2Fwww.youtube.com%2Fwatch%3Fv%3DuyzTP_ sgJRU.—Дата доступа : 31.03.2015.
Макаренко из Каменки [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://www.sb.by/articles/makarenko-iz-kamenki.html .—Дата доступа : 27.05.2005.
Машын, А. Калгас крочыць у заўтра // Трыб. працы. – 1985. – 18 ліп.
Отчёт о работе районного исполнительного комитета за 2005 г // Трыб. працы. – 2006. – 22 сак.
Рябова, И. В нашем фотообъективе. Бобруйский государственный профессиональный лицей №13 [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://bobruisk.ru/news/28519.—Дата доступа : 11.01.2012.
Севбо, А. Без малой родины не будет счастья в жизни // Трыб. працы. – 2004. – 1 снеж.
Севбо, А. Каменка, и ее люди //Трыбуна працы.-2003.- 2 ліпеня
Севбо, А. На новый уровень / Анна Севбо // Трыб.працы. – 2005. – 26 ліст.
Сідорын, Яр. “І цягнецца каласок да каласка...” // Трыб. працы. – 1997. - № 52
Слободковский сельский Совет (Бобруйский район) [ Электронный ресурс ].— Режим доступа : https://dic.academic.ru/dic.nsf/.
ruwiki/1867757.— Дата доступа : 2010.
Славянскі, Ф. Клопаты аб змене // Магілёўск. праўда. – 1996. – 17 ліп.
Тытараў, А. Мацнеем з году ў год // Трыб. працы. – 1985. – 15 студз
Тытараў, А. Стаўка на раздзельны спосаб // Трыб. працы. – 1983. – 7 ліп.
Удодаў, А. Абапіраючыся на вопыт // Трыб. працы. – 19 ліп.
Удодов, А. Дом, где нужна доброта. В Каменском доме-интернате планируется строительство двухэтажного жилого корпуса / Александр Удодов [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : https://www.bobrlife.by/news/dom-gde-nuzhna-dobrota-v-kamenskom-dome-internate-planiruetsya-stroitelstvo-dvuhetazhnogo-zhilogo-korpusa.—Дата доступа : 13.03.2019.
Учреждение образования "Каменская государственная вспомогательная школа-интернат" [ Электронный ресурс ].—Режим доступа : / https://kam-int.schools.by.—Дата доступа : 18.01.2010.
Шаравараў Фёдар Нічыпаравіч // Памяць. Бабруйскі раён. – Мн.,1998. – С. 520
Часткова выкарыстаны матэрыялы, сабраныя ў этнаграфічным музеі ДУА “Каменская сярэдняя школа Бабруйскага раёна”.
.
- Подробности
- Просмотров: 520






















