Russian Belarusian

На гэтай зямлі не звыклі сумаваць. Жанкі працавалі, у асноўным, на ферме ў калгасе імя Ленінскага камсамола, а ў вольны час спявалі. Спачатку быў хор, які потым распаўся. Потым у 1997 годзе, калі загадчыцай клуба ў Ласях працавала Міхлюк К.Р., быў створаны фальклорны ансамбль “Барыня”. А сапраўдная слава прыйшла да фальклорнага калектыву “Барыня”, калі мастацкім кіраўніком стала Валянціна Сяргееўна Нікітка (1999-2007 гг.).

 

Нікітка Валянціна Сяргееўна

 

nikitka

 

Яна змагла зразумець душу кожнай жанчыны, аб’яднаць усіх каханнем да песні ў адзіны калектыў, падабраць рэпертуар. Сама ж Валянціна Сяргееўна пела ў калектыве і была акампаніятарам.

 

barinya1.1

 

Рэпетыцыі праходзілі ў мясцовым клубе, які, на жаль, згарэў. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці сталі збірацца дома ў Валянціны Лось.

 

barinya2

 

Кожны мастацкі калектыў мае ў сваім рэпертуары “візітоўку” – песню ці танец, якімі той ці іншы калектыў адрозніваецца ад іншых. Мае такую песню і фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Барыня” – з аналагічнай назвай “Барыня”.

 

barinya3

 

Выконваючы яе акапэльна, артысты зрываюць шквал апладысментаў. Аднойчы, выступаючы на канцэрце ў Мінску, яны выканалі гэтую песню на біс некалькі разоў, і зала ласёўскую “Барыню” авацыямі на сцэне пратрымала пятнаццаць хвілін.

Сваёй творчасцю ласёўцы праслаўляюць родную зямлю, прыроду, працавіты народ… Калі рэспубліканская праграма “Радавод” здымала фільм пра ансамбль, і потым ён быў паказаны па тэлебачанні, самі ласёцы не пазналі родныя мясціны – бусла, пянёк з грыбамі пасярод, зараснікі чароту. Звыкаючы да мясцін, дзе вырас, жывеш, ужо не заўважаеш, якая прыгажосць цябе акружае.

Як кожны горад мае свой герб, так і кожная вёска адрозніваецца арнаментам на адзенні яе жыхароў. Касцюмы ўдзельніцы “Барыні” шыюць сабе самі, пераносячы на адзенне малюнкі з ручнікоў, абрусаў, вышытых матулямі і бабулямі.

 

barinya4

 

У сённяшнім рэпертуары ансамбля песні, якія сталі часцінкай народнай скарбніцы: “Чачотачка”, “Ой, з-пад дуба”, “Вецер вее” і інш. Некаторыя з іх сёння ў сучаснай апрацоўцы выконвае ансамбль “Сябры”. У калектыве быў свой аўтар сучасных песень – Т. П. Тоўсцік. У складзе калектыву быў і адзін мужчына – І. А. Лось. Душой калектыву і галоўным выканаўцам была В. М. Лось.

 

Спяваць – справа нялёгкая

Маці адной з удзельніц калектыву вельмі любіла песні. Хадзіла па кірмашах, святах, збірала ўсё новыя і новыя песні, а, вяртаючыся, казала: “Cпяваць – справа нялёгкая”.

Пра што спявалі ўдзельнікі ансамбля “Барыня”? Пра свой славуты род Ласёў. Пра першага чалавека, які надзяліў гэтым прозвішчам усіх нашчадкаў. І ў ансамблі, у асноўным, спявалі жанчыны з такім прозвішчам.

Песні ў выкананні салістак адрознівае самота. Многіх з іх не абмінула сіроцкая доля. Згадваецца выслоўе маці адной з салістак ансамбля: “Не шануйце матэрыяльнае. Шануйце хлеб на стале.” І расказала: калі фашысты выгналі яе з дзецьмі з дому, брала з сабой, як тады здавалася, самае каштоўнае: тканіну, прадметы хатняга ўжытку, а калі дзеці захацелі есці, зразумела, што пакінула ў хаце самае галоўнае – хлеб.

У мінулым амаль усе ўдзельнікі ансамбля – работнікі фермы. Часам не-не, ды і зацягвалі песню на працоўным месцы, ды так, што каровы прыслухоўваліся. Усе святы ўдзельнікі “Барыні” адзначалі разам, асабліва любілі залатыя вяселлі.

Калектыў – жаданы госць не толькі на сцэнічных пляцоўках нашай рэспублікі, але і ў вобласці, найблізкіх вёсках – Рэдкім Розе, Ворсічах, Макаравічах, Вішнёўцы, Пятровічах.

 

barinya5

 

На сцэне Рэдкарожскага СДК

Таксама не адмаўляла “Барыня” падняць настрой земляробам, жывёлаводам, паляводам, спяваючы свае песні на фермах, у полі падчас уборкі збожжа.

Калектыў, трымаючы экзамен на прысваенне звання “народнага”, пацвердзіў яго. “Барыня” прынесла славу не толькі роднай вёсцы, але і раёну, стаўшы вядомай на ўсю Беларусь. Ансамбль двойчы лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Беларусь, мая песня” і тэлевізійнай перадачы “Залатыя ключы”. Пастаянны ўдзельнік дажынак, фестываляў, канцэртаў.

 

barinya6

 

 

barinya7

 

 

Некалькі разоў пра калектыў здымаліся фільмы, яго запрашалі да ўдзелу ў тэлевізійных праграмах, неаднаразова яго песні гучалі па радыё.

У ансамблі было 15 чалавек, потым стала 11. Пайшлі ўжо з жыцця старэйшыны калектыву – Я. Г. Лось, Н. Г. Лось, Л. А. Верас і інш. У выніку ў калектыве засталося 5 салістак. І ў гэтым складзе “Барыня” дала канцэрт на “Дажынках” у Бабруйску.

 

barinya8

 

Дажынкі-2006 у Бабруйску

 

Увесь рэпертуар ансамбля запісаны на касеты. Выканальнікі слухаюць свае песні, згадваюць мінулае. На жаль, не засталося ў Ласях аматараў песні, якія б працягвалі славутую традыцыю. Час уносіць свае карэктывы, але хочацца верыць, што вёска адродзіцца і калі-небудзь над ёй загучаць чыстыя народныя галасы.

 

hrestini

 

У Рэдкарожскім СДК на абрадзе “Хрэсьбіны”

 

svyata veski

У Ласях на свяце вёскі

 

losNM

Лось Надзея Міхееўна – адна з заснавальніц калектыву і загадчыца клуба

 

bolbas

Болбас Марыя Яўхімаўна

 

baradin

Барадзін Марыя Андрэеўна

 

losVM

Лось Валянціна Міхайлаўна – вядучая салістка

 

lisovskaya

Лісоўская Марыя Сафронаўна

 

Трэба адзначыць, што некаторыя песні з рэпертуару жанчын можна было пачуць толькі ў Ласях – гэтыя песні, як і самі ўдзельнікі калектыву, нарадзіліся на гэтай зямлі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Але не толькі выкананнем песень славілася “Барыня”. Вельмі ж ужо цікава чыталі жанкі і байкі на тэмы вясковага жыцця! Асабліва такім талентам адрозніваліся Лось Ніна Рыгораўна і Лось Лізавета Гаўрылаўна.

 

losNR

Лось Ніна Рыгораўна

 

losLG

Лось Лізавета Гаўрылаўна