Russian Belarusian

Lasi

 

Старонкі гісторыі

Некалі вёскі Ласі, Раскачы, Мельнікі, станцыя Брожа, вёска і хутар Брожа суседнічалі. Хоць у кожнай з іх была свая мяжа, жыхары гэтых вёсак нават не прыкмячалі, як пераходзілі з аднаго населенага пункта ў іншы. Вёскі Ласі і Раскачы падзяляў невялікі масток. Раскачы і Мельнікі зліліся з Ласямі і атрымалася адна вялікая вёска, са сваёй гісторыяй, насычанай падзеямі і цікавымі фактамі.

 

priroda

 

Вёска Ласі знаходзіцца на тэрыторыі Брожскага сельскага Савета. Ласі як вёска Бабруйскага павета вядома з 1798 года. На той момант гэта была дзяржаўная ўласнасць, тут налічвалася 7 двароў, пражывалі 63 чалавекі. На пачатак ХХ стагоддзя – 42 двары, 240 жыхароў. У 1917 годзе – 56 двароў, 304 жыхары. У 1920 годзе дзейнічаў пункт па ліквідацыі бязграматнасці сярод дарослых. Згодна перапісу 1926 года – 65 домаўладальнікаў, з іх 41 меў прозвішча Лось. У 1930 годзе створаны калгас “Чырвоная зорка”, працавала кузьня. На пачатак 1997 года – 128 двароў, 224 жыхары. У вёсцы – ферма буйной рагатай жывёлы, клуб, крама.

У Ласях у цяперашні час пражывае 126 чалавек. Дзяцей да 15 гадоў – 8, ва ўзросце ад 18 да 31 года – 12 чалавек, пенсіянераў – 76, працаздольных – 42.

 

Адкуль пайшла назва

Некаторыя лічаць, што назва в. Ласі пайшла ад першых пасяленцаў, што насілі такое прозвішча. Але ёсць выснова, што даўным-даўно тут раслі непралазныя лясы, дубовыя гаі, а ў іх жылі ласі і шмат іншых звяроў. Гэта прызнана афіцыйнай версіяй, адзначанай у кнізе “Памяць”. Да нядаўняга часу ў вёсцы жылі паляўнічыя, што прыносілі з лесу трафеі. Жыхары ўспамінаюць, што калі хадзілі ў лес у грыбы-ягады, сустракалі шмат дзікоў, ласёў, коз. У дамах мясцовых жыхароў на сценах можна пабачыць габелены з адлюстраваннем ласёў.

Сведчаннем таго, што гэтыя мясціны былі абкружаны дабротным, якасным лесам, з’яўляюцца моцна збітыя вясковыя хаты, якія былі пабудаваны яшчэ да вайны.

Вёска Раскачы ўзяла сваю назву ад прозвішча першапасяленцаў – Роскач. Такая сітуацыя і з прозвішчам Лось. Прычым, людзі з прозвішчамі Лось, Роскач – гэта родзічы ў розным калене, што вельмі добра сказваецца на мікраклімаце вёскі: усе жывуць у ладзе і згодзе. Калі святкавалі вяселле або праводзілі ў войска, то збіраліся сяляне ад малога да вялікага. Нават на фотаздымках у жыхароў Ласёў назіраецца знешняе падабенства.

Гэта людзі, блізкія па духу, маюць агульныя карані. Сярод іх няма выхадцаў, што дабіліся на якімсьці полі дзейнасці вялікіх вышынь, але ёсць адкрытыя адна адной душы, сэрцы і… песня, якая аб’яднала ўсю вёску.

 

barinya istoriya

 

Тут заўсёды любілі і любяць сустракаць гасцей і спяваць. Спяваюць, як едуць на сенажаць, вечарамі – на прызбе. Песню перадавалі ў спадчыну: ад бацькоў – дзецям.

 

Жыццё пражыць – не поле перайсці

Жыццё не бэсціла сяльчан. Асабліва цяжка ім жылося ў ваенны і пасляванны час. Адна з жыхарак – Т.Р.Лось –згадвае, як раніцою маці будзіла яе і адпраўляла па грыбы. Лёгкія замаразкі кранулі зямлю, а так як абутку не было, то ісці прыходзілася басанож. Бегла, каб не так было холадна, па бураломе, лаўжах і сухіх шышках, час ад часу “войкаючы” ад болю ў замерзлых нагах. Але ўставала сонейка, сагравала зямлю, настрой паляпшаўся, і дадому вярталася з поўным кошыкам грыбоў. Вельмі хацелася спаць, але маці адпраўляла яе з мясцовымі жанкамі прадаваць лясныя дары на базары.Часам яна даходзіла да базару, ды так і засынала на грыбах. Прачнецца, а хлопцы ўжо нашкоднічалі – парасцягвалі грыбочкі ды ягадкі.

Працавалі сяляне за працадні. Калі ты не быў у калгасе, зямлю на тваім кавалку абразалі. Так як зямля была ў вялікай цане, дамы стаялі блізенька адзін да аднога. Аднойчы ў Раскачах сын пабудаваў дом на ўчастку бацькі. Да яго з дубальтоўкай прыйшлі мясцовыя ўлады і сказалі, што ён на дзяржаўнай зямлі пабудаваў свой дом. Добра, што будоўля была аформлена дакументальна.

Быў час, калі гэтыя землі адносіліся да саўгаса імя Ленінскага камсамола. Мелася не толькі ферма, але і свінарнік, і птушнік. Быў выган для свіней. Большая частка працаздольных сялян працавала ў жывёлагадоўлі, асобныя – у паляводстве.

Дарогі паміж вёскамі былі разбітымі – яміна на яміне, запоўненыя вадой. Жылі бедна. Абутак быў толькі на выхад. Дзеці абуваліся толькі ў школу. Перад кожнай такой ямінай здымалі абутак і ішлі босымі, потым зноў абуваліся. Калі быў створаны саўгас імя Ленінскага камсамола, паміж усімі населенымі пунктамі пралягла шаша.

Цяпер многае змянілася ў вёсках. Калі раней нашы продкі змагаліся за тое, каб ім выдзелілі болей зямель, то цяпер бяры колькі хочаш – толькі паспявай апрацоўваць. Хаты стаяць не так блізка, як раней. Многія ад старасці паразбураліся, участкі далучыліся да суседніх падвор’яў.

У недалёкім мінулым на лаўках каля хат сядзела шмат людзей у гадах, дзядкоў з бародамі, але час няўмольна бяжыць: лаўкі апусцелі, большасць хат асірацела, яны стаяць нікому не патрэбныя, зарастае бадыллем зямля, якую ніхто не апрацоўвае. Некаторыя хаты абжылі дачнікі.

Можна тут сустрэць і моладзь. Але праца на зямлі для яе чужая і цяжкая.

На пытанне, які час з пражытага імі быў самы шчаслівы, пенсіянеры вёскі аднагалосныя: цяперашні. І пенсія выплочваецца рэгулярна, і ў краме можна купіць усё, што душа пажадае.

 

Вайна

Вайна ўварвалася ў жыццё мірных жыхароў вогненным смерчам. Над вёскай з’явіўся савецкі самалёт, за якім цягнуўся доўгі хвост шэрага дыму. Падбіты фашыстамі, ён кружыў над вёскамі, хацеў зайсці на пасадку, але потым упаў каля Брожы. Да месца трагедыі збегліся жыхары навакольных вёсак. Лётчыка, якога дасталі з-пад абломкаў, пахавалі.

Крыху пазней прыйшлі немцы, абсталяваліся ў Ласях. Адзін немец, убачыўшы карову, загадаў жанчыне прынесці малака. Падаіўшы карову, яна адправіла дачку аднесці малако немцам. Перапужаная, мурзатая дзяўчынка аднесла малако. Калі вярталася назад, фашыст зламаў невялікую бярозку і загадаў ёй трымаць верхаліну. Так і сфатаграфаваў, каб адаслаць на сваю радзіму здымак, на якім была адлюстравана дзяўчынка заняволенага, на яго думку, народа.

Немцы ж, выгнаўшы сялян са сваіх хат, абсталявалі ў адной каўбасны цэх, у другой – пякарню. Адбіралі ў мясцовых жыхароў муку, скаціну, прымушалі сялян выпякаць хлеб, вырабляць розныя мясныя прысмакі. Падлеткаў адпраўлялі рыць акопы. Таксама ў вёсцы знаходзіліся палонныя розных узростаў. Іх выганялі ў лес высякаць лепшыя пароды лесу, каб затым адпраўляць у Германію. Мясцовая дзятва на месца вырубак прыязджала з санкамі, каб сабраць дроў для сваіх патрэб. Калі-небудзь дзеці прывозілі палонным бульбу, каб хоць крыху падтрымаць іх. Змарнелыя палонныя дзялілі яе пароўну паміж усімі. Адзін палонны стаў дапамагаць дзяўчынцы цягнуць санкі з дровамі і, убачыўшы, што немец не глядзіць на іх, уцёк. Галоўным над фашыстамі быў афіцэр Адам, які размаляў па-руску чыста.

Жыхарка в. Раскачы Болбас А.С. успамінае, што ў брожскіх лясах было шмат партызан. Сярод іх былі яе стрыечныя браты. З сяброўкай яны насілі партызанам ежу. Аднойчы, калі яны вярталіся назад з лесу з пустымі кошыкамі, немцы, што назіралі за імі ў бінокль, гэта ўбачылі. Дзяўчынкі па дарозе з перапугу кошыкі выкінулі, што вельмі не спадабалася фашыстам. Яны пачалі патрабаваць ад дзяўчынак, каб тыя паказалі, дзе схавалі кошыкі. Дзяўчынкі адмаўляліся, казалі, што ў іх не было ніякіх кошыкаў. Лічылася, што з лесу з пустымі кошыкамі можна ісці толькі ад партызан. Фашысты завялі пятнаццацігадовых дзяўчынак у Вішнёўку, далі рыдлёўкі і прымусілі капаць сабе магілы. Пакуль тыя капалі, сагналі мясцовых жыхароў. На дзяўчынак навялі зброю. Яшчэ момант… І раптам прыбегла маці адной з дзяўчынак, Жэні. У маці на руках была маленькая сястрычка Жэні. Жанчына здагадалася выдаць яе за дачку Жэні, прасіла немцаў, каб тыя не асірацілі малую. Немцы здзівіліся, што бываюць такія маладыя маці, але не расстралялі яе. Вось так маці выратавала жыццё свайго дзіцяці.

Жыхары вёсак Ласі і Раскачы бачылі, як гарэла в. Прудішча, сястра Хатыні. Немцы спалілі яе дашчэнту.


На гэтай зямлі не звыклі сумаваць. Жанкі працавалі, у асноўным, на ферме ў калгасе імя Ленінскага камсамола, а ў вольны час спявалі. Спачатку быў хор, які потым распаўся. Потым у 1997 годзе, калі загадчыцай клуба ў Ласях працавала Міхлюк К.Р., быў створаны фальклорны ансамбль “Барыня”. А сапраўдная слава прыйшла да фальклорнага калектыву “Барыня”, калі мастацкім кіраўніком стала Валянціна Сяргееўна Нікітка (1999-2007 гг.).

 

Нікітка Валянціна Сяргееўна

 

nikitka

 

Яна змагла зразумець душу кожнай жанчыны, аб’яднаць усіх каханнем да песні ў адзіны калектыў, падабраць рэпертуар. Сама ж Валянціна Сяргееўна пела ў калектыве і была акампаніятарам.

 

barinya1.1

 

Рэпетыцыі праходзілі ў мясцовым клубе, які, на жаль, згарэў. Удзельнікі мастацкай самадзейнасці сталі збірацца дома ў Валянціны Лось.

 

barinya2

 

Кожны мастацкі калектыў мае ў сваім рэпертуары “візітоўку” – песню ці танец, якімі той ці іншы калектыў адрозніваецца ад іншых. Мае такую песню і фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Барыня” – з аналагічнай назвай “Барыня”.

 

barinya3

 

Выконваючы яе акапэльна, артысты зрываюць шквал апладысментаў. Аднойчы, выступаючы на канцэрце ў Мінску, яны выканалі гэтую песню на біс некалькі разоў, і зала ласёўскую “Барыню” авацыямі на сцэне пратрымала пятнаццаць хвілін.

Сваёй творчасцю ласёўцы праслаўляюць родную зямлю, прыроду, працавіты народ… Калі рэспубліканская праграма “Радавод” здымала фільм пра ансамбль, і потым ён быў паказаны па тэлебачанні, самі ласёцы не пазналі родныя мясціны – бусла, пянёк з грыбамі пасярод, зараснікі чароту. Звыкаючы да мясцін, дзе вырас, жывеш, ужо не заўважаеш, якая прыгажосць цябе акружае.

Як кожны горад мае свой герб, так і кожная вёска адрозніваецца арнаментам на адзенні яе жыхароў. Касцюмы ўдзельніцы “Барыні” шыюць сабе самі, пераносячы на адзенне малюнкі з ручнікоў, абрусаў, вышытых матулямі і бабулямі.

 

barinya4

 

У сённяшнім рэпертуары ансамбля песні, якія сталі часцінкай народнай скарбніцы: “Чачотачка”, “Ой, з-пад дуба”, “Вецер вее” і інш. Некаторыя з іх сёння ў сучаснай апрацоўцы выконвае ансамбль “Сябры”. У калектыве быў свой аўтар сучасных песень – Т. П. Тоўсцік. У складзе калектыву быў і адзін мужчына – І. А. Лось. Душой калектыву і галоўным выканаўцам была В. М. Лось.

 

Спяваць – справа нялёгкая

Маці адной з удзельніц калектыву вельмі любіла песні. Хадзіла па кірмашах, святах, збірала ўсё новыя і новыя песні, а, вяртаючыся, казала: “Cпяваць – справа нялёгкая”.

Пра што спявалі ўдзельнікі ансамбля “Барыня”? Пра свой славуты род Ласёў. Пра першага чалавека, які надзяліў гэтым прозвішчам усіх нашчадкаў. І ў ансамблі, у асноўным, спявалі жанчыны з такім прозвішчам.

Песні ў выкананні салістак адрознівае самота. Многіх з іх не абмінула сіроцкая доля. Згадваецца выслоўе маці адной з салістак ансамбля: “Не шануйце матэрыяльнае. Шануйце хлеб на стале.” І расказала: калі фашысты выгналі яе з дзецьмі з дому, брала з сабой, як тады здавалася, самае каштоўнае: тканіну, прадметы хатняга ўжытку, а калі дзеці захацелі есці, зразумела, што пакінула ў хаце самае галоўнае – хлеб.

У мінулым амаль усе ўдзельнікі ансамбля – работнікі фермы. Часам не-не, ды і зацягвалі песню на працоўным месцы, ды так, што каровы прыслухоўваліся. Усе святы ўдзельнікі “Барыні” адзначалі разам, асабліва любілі залатыя вяселлі.

Калектыў – жаданы госць не толькі на сцэнічных пляцоўках нашай рэспублікі, але і ў вобласці, найблізкіх вёсках – Рэдкім Розе, Ворсічах, Макаравічах, Вішнёўцы, Пятровічах.

 

barinya5

 

На сцэне Рэдкарожскага СДК

Таксама не адмаўляла “Барыня” падняць настрой земляробам, жывёлаводам, паляводам, спяваючы свае песні на фермах, у полі падчас уборкі збожжа.

Калектыў, трымаючы экзамен на прысваенне звання “народнага”, пацвердзіў яго. “Барыня” прынесла славу не толькі роднай вёсцы, але і раёну, стаўшы вядомай на ўсю Беларусь. Ансамбль двойчы лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Беларусь, мая песня” і тэлевізійнай перадачы “Залатыя ключы”. Пастаянны ўдзельнік дажынак, фестываляў, канцэртаў.

 

barinya6

 

 

barinya7

 

 

Некалькі разоў пра калектыў здымаліся фільмы, яго запрашалі да ўдзелу ў тэлевізійных праграмах, неаднаразова яго песні гучалі па радыё.

У ансамблі было 15 чалавек, потым стала 11. Пайшлі ўжо з жыцця старэйшыны калектыву – Я. Г. Лось, Н. Г. Лось, Л. А. Верас і інш. У выніку ў калектыве засталося 5 салістак. І ў гэтым складзе “Барыня” дала канцэрт на “Дажынках” у Бабруйску.

 

barinya8

 

Дажынкі-2006 у Бабруйску

 

Увесь рэпертуар ансамбля запісаны на касеты. Выканальнікі слухаюць свае песні, згадваюць мінулае. На жаль, не засталося ў Ласях аматараў песні, якія б працягвалі славутую традыцыю. Час уносіць свае карэктывы, але хочацца верыць, што вёска адродзіцца і калі-небудзь над ёй загучаць чыстыя народныя галасы.

 

hrestini

 

У Рэдкарожскім СДК на абрадзе “Хрэсьбіны”

 

svyata veski

У Ласях на свяце вёскі

 

losNM

Лось Надзея Міхееўна – адна з заснавальніц калектыву і загадчыца клуба

 

bolbas

Болбас Марыя Яўхімаўна

 

baradin

Барадзін Марыя Андрэеўна

 

losVM

Лось Валянціна Міхайлаўна – вядучая салістка

 

lisovskaya

Лісоўская Марыя Сафронаўна

 

Трэба адзначыць, што некаторыя песні з рэпертуару жанчын можна было пачуць толькі ў Ласях – гэтыя песні, як і самі ўдзельнікі калектыву, нарадзіліся на гэтай зямлі і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Але не толькі выкананнем песень славілася “Барыня”. Вельмі ж ужо цікава чыталі жанкі і байкі на тэмы вясковага жыцця! Асабліва такім талентам адрозніваліся Лось Ніна Рыгораўна і Лось Лізавета Гаўрылаўна.

 

losNR

Лось Ніна Рыгораўна

 

losLG

Лось Лізавета Гаўрылаўна


Заўсёды вёска Ласі славілася сваімі песнямі. Наступным пакаленням ласёўцаў засталася багатая песенная спадчына.

 

 

 

 

 

 

Каб я імела крылля арліцы

 

Каб я імела крылля арліцы,

Каб я ўмела лятаці,

Я б паляцела ў край далёкі

Свайго мілога шукаці.

 

Ляцела ночку, ляцела другую,

Крылля свае ізламала,

Астанавілась у садзе вішнёвым,

Звонка загаласіла.

 

Выйшла із хаты старая маці,

Яна ў сына пытае:

- А што за пташка, што за пташына

У нашым садзе спявае?

- А то не пташка, то не пташына

У нашым садзе спявае.

 

А то дзяўчына заручаная

Свайго мілога шукае.

***

 

Учора была зімачка

 

Учора была зімачка, а сёння – вясна,

Учора была з міленькім, а сёння – адна,

Учора была з міленькім, а сёння – адна,

Да чаго праклятая любоў давяла?

 

Ой, даўно, даўно я ў мамкі была,

Ужо мая дарожанька дзёрнам зарасла,

Ой, не так жа дзёрнам, як дзярніцаю,

Ты здзелайся арлом, а я арліцаю.

 

Паляцім пасядзем над крыніцаю,

Ці не выйдзе мамачка за вадзіцаю?

Выйшла, выйшла мамачка за вадзіцаю –

Гэта ж мой арол ды з арліцаю!

***

 

Сіне морушка глыбока…

 

Сіне морушка глыбока,

Не відаць у моры дна.

Я ад мамачкі далёка –

Не відала года два.

 

Я за п’яніцу папала,

Больш расці я не магла.

Я засохла і завяла,

Я засохла, як трава.

 

Ой, ты папа, ты мой папа –

Ты не родны мой ацец.

Пакупіў ты бела плацце

Ды паставіў пад вянец.

 

Я пад венчыкам стаяла,

Не магла свячэй дзяржаць.

Я свяшчэнніку сказала:

“Перастань мяне вянчаць”.

А свяшчэннік адвярнуўся,

 

Громкім голасам сказаў:

“Раз нявеста не сагласна,

Не магу я вас вянчаць!”

 

Ой, ты мама, мая мама,

Выйдзі рана на зарэ,

Ці не твая дочка плача

У чужой, далёкай старане?

***

 

Божа, ты мой, божа…

 

Божа, ты мой, божа,

Дзяўчыну люблю.

Сам я добра знаю,

Замуж не вазьму.

 

Божа, ты мой, божа,

Вечара даждаць,

Пайду да дзяўчыны

Праўданьку казаць.

 

Прыйшоў да дзяўчыны,

А яна стаіць.

Даў ёй добры вечар,

А яна маўчыць.

 

Ці маці сказала,

Ці бацька вяліць,

Дзеўку я пакінуў,

А сэрца баліць.

 

Божа, ты мой, божа,

Дзяўчыну люблю.

Сам я добра знаю,

Замуж не вазьму.

 

Божа, ты мой, божа,

Вечара даждаць,

Пайду да дзяўчыны

Я ў паследні раз.

***

 

Дарожанька мая торная

 

Дарожанька мая торная, эй,

У мяне мамачка не родная.

 

У мяне мамачка не родная, эй,

Адпраўляла рана па ваду.

 

Адпраўляла рана па ваду, эй,

Не да рэчкі, не да возера.

 

Не да рэчкі, не да возера, эй,

Да глыбокага калодзезя.

 

Да глыбокага калодзезя, эй,

Там казачанька каня поіць.

 

Там казачанька каня поіць, эй,

Напаіўшы, ён прывязвае.

 

Напаіўшы, ён прывязвае, эй,

Прывязаўшы, ён прыказвае.

 

Прывязаўшы, ён прыказвае, эй;

Бяжы, коню, на даліначку.

 

Бяжы, коню, на даліначку

Па дзяўчыну Кацярыначку.

***

 

Ва гародзе ва кумы гарбузы ні родзяць…

 

Ва гародзе ва кумы гарбузы ні родзяць,

Ва гародзе ва кумы гарбузы ні родзяць.

А кум да кумы штовячора ходзіць,

А кум да кумы штовячора ходзіць.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

- Ой, кумка мая, прынясу ячменю,

Ой, кумка мая, прынясу ячменю.

- Не нясі, мой кумок, дзе ж яго я дзену?

Не нясі, мой кумок, дзе ж я яго дзену?

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

- Ой, кумка мая, прынясу я жыта,

Ой, кумка мая, прынясу я жыта.

- Не нясі, мой кумок, бо я буду біта,

Не нясі, мой кумок, бо я буду біта.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

- Ой, кумка мая, прынясу я сала,

Ой, кумка мая, прынясу я сала.

Прынясі, мой кумок, я даўно чакала,

Прынясі, мой кумок, я даўно чакала.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

- Ой, кумка мая, прынясу я грошы,

Ой, кумка мая, прынясу я грошы.

- Прынясі, мой кумок, любы мой харошы,

Прынясі мой кумок, любы мой харошы.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

Прышоў да кумы – кума ляжыць ў ложку,

Прышоў да кумы – кума ляжыць ў ложку.

- Давай, кум, паляжым, паляжым патрошку,

Давай, кум, паляжым, паляжым патрошку.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

 

Як у кумавай жаны ды бальшое гора,

Як у кумавай жаны ды бальшое гора.

Аглянулася яна – пустая камора,

Аглянулася яна – пустая камора.

 

Ой, дуб зеляной развіваецца,

Ой, дуб зеляной развіваецца.

А кума на куму абяжаецца,

А кума на куму абяжаецца.

***

 

Ва гародзе верба расла…

 

Ва гародзе верба расла,

Ва гародзе верба расла.

 

Там гуляла дзеўка красна,

Яна красна шчэ й красіва.

 

Яна красна шчэ й красіва,

Яе доля не шчасліва.

 

Яе доля не шчасліва,

Яе доля не шчасліва:

 

Няма таго, штолюбіла,

Няма яго, шчэ й не будзе.

 

Няма яго, шчэ й не будзе:

Разлучылі злыя людзі.

 

Разранілі, разлучылі,

Разранілі, разлучылі,

 

Штоб мы ў пары не хадзілі.

А мы ў пары хадзіць будам,

 

А мы ў пары хадзіць будам,

І друг друга любіць будам.

***

 

Выйшла замуж маладою…

 

Выйшла замуж маладою, ой-ёй-ёй.

Выйшла замуж маладою

Ды сустрэлася з бядою,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Выйшла замуж маладою

Ды сустрэлася з бядою,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Я на ганках пастаяла, ой-ёй-ёй.

Я на ганках пастаяла

Ды суседу памаргала,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Я на ганках пастаяла

Ды суседу памаргала,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Я суседу памаргала, ой-ёй-ёй.

Я суседу памаргала

Ды абед ні згатавала,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Я суседу памаргала

Ды абед ні згатавала,

А зязюля ўсё кукуе.

 

А я мужу ўгадзіла, ой-ёй-ёй.

А я мужу ўгадзіла:

Буракоў наварыла,

А зязюля ўсё кукуе.

 

А я мужу ўгадзіла:

Буракоў наварыла,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Ён да мяне з кулакамі, ой-ёй-ёй.

Ён да мяне з кулакамі:

“Падавіся буракамі!”

А зязюля ўсё кукуе.

 

Ён да мяне з кулакамі:

“Падавіся буракамі!”

А зязюля ўсё кукуе.

 

Чаго б’еш, чаго лаеш, ой-ёй-ёй?

Чаго б’еш, чаго лаеш?

Яку ўзяў, такую маеш,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Чаго б’еш, чаго лаеш?

Яку ўзяў, такую маеш,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Выйшла замуж маладою, ой-ёй-ёй.

Выйшла замуж маладою

Ды сустрэлася з бядою,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Выйшла замуж маладою

Ды сустрэлася з бядою,

А зязюля ўсё кукуе.

 

Выйшла замуж маладою

Ды сустрэлася з бядою,

А зязюля ўсё кукуе.

***

 

Гуляю я…

 

Мяне маці спарадзіла,

Мяне маці спарадзіла,

Мяне маці спарадзіла,

Агароды пасадзіла.

Гуляю я, эй, гуляю я.

Два гароды абрабіла,

Два гароды абрабіла,

Два гароды абрабіла –

Адна дыня ўрадзіла.

Гуляю я, эй, гуляю я.

 

Як павезла прадаваці,

Як павезла прадаваці,

Як павезла прадаваці,

Дык ні знаю, што казаці.

Гуляю я, эй, гуляю я.

Покуль людзі цэну далі,

Покуль людзі цэну далі,

Покуль людзі цэну далі,

Дык цыгане дыню ўкралі.

Гуляю я, эй, гуляю я.

 

Як прыходжу я да маці,

Як прыходжу я да маці,

Як прыходжу я да маці,

Дык ні знаю, што казаці.

Гуляю я, эй, гуляю я.

 

Куры хату падмятаюць,

Куры хату падмятаюць,

Куры хату падмятаюць,

Хлопцы ў вокны заглядаюць.

Гуляю я, эй, гуляю я.

 

Ва гародзі вішні ўюцца,

Ва гародзі вішні ўюцца,

Ва гародзі вішні ўюцца,

А за мяне хлопцы б’юцца.

Гуляю я, эй, гуляю я.

 

Ва гародзі вішні ўюцца,

А за мяне хлопцы б’юцца –

Хай б’юцца –

Гуляю я, эй, гуляю я.

***

 

Калі цвіце каліна…

 

Калі цвіце каліна,

То не ламай каліну.

Калі ў салдатах ты ні быў,

То ні кахай дзяўчыну.

 

Я памятаю ў той жа час

Ты плакала са мною,

На развітанне раз у раз

Махала хусціною.

 

Калі ў салдаты я ішоў,

То ты была дзяўчына.

А як з салдатаў я прыйшоў,

То ты радзіла сына.

 

Я памятаю ў той жа час

Ты плакала са мною,

На развітанне раз у раз

Махала хусціною.

 

Калі ў салдатах я служыў,

Ты рана выйшла замуж.

А я, малодзенькі салдат,

Чуць не памёр ад гора.

 

Я памятаю ў той жа час

Ты плакала са мною,

На развітанне раз у раз

Махала хусціною.

 

Калі з салдатаў я ішоў,

Над лугам воран крача:

“Ты аглянісь, салдат, назад:

Твая дзяўчына плача.”

 

Я памятаю ў той жа час

Ты плакала са мною,

На развітанне раз у раз

Махала хусціною.

 

Я міма йшоў твайго двара,

Ты ў варот стаяла.

Дзяржала сына на руках,

Ні слова не сказала.

 

Ой, там на таргу на базары

Ой, там на таргу на базары

Жанкі мужыкоў прадавалі.

Як прыдзецца да ладу

Свайго мужа павяду да й прадам.

Як прыдзецца да ладу

Свайго мужа павяду да й прадам.

 

З лыка кнута я ссукала,

Свайго мужа залыгала.

Да й павезла на базар

Ды й да воза прывязала.

Да й павезла на базар

Ды й да воза прывязала.

 

Як наехалі пакупацелі,

Як наехалі таргавацелі.

Сталі думаць і гадаць,

Што за майго мужа даць.

Сталі думаць і гадаць,

Што за майго мужа даць.

 

Ой, за яго трэба даці,

Ой, за яго трэба даці

Пару коней вараных

Ды й сто рублей залатых.

Пару коней вараных

Ды й сто рублей залатых.

 

Ой, стала я й падумала,

Ой, стала я й падумала:

А мой мілы чарнабрывы, да работы не лянівы.

Ён самой мне прыгадзіцца.

А мой мілы чарнабрывы, да работы не лянівы.

Ён самой мне прыгадзіцца.

Ён пасее і пажне ні для кога – для мяне.

А, мой мілы душачка, пашкадую я цябе.

А, мой мілы душачка, пашкадую я цябе: Не прадам.

 

Ой, з-пад дуба, з-пад бярозы…

Ой, з-пад дуба, з-пад бярозы,

Ой, з-пад дуба, з-пад бярозы

Вада выцякае.

Вада выцякае.

 

Нельзя тую воду піці.

Нельзя тую ваду піці.

Вада лугавая.

Вада лугавая.

 

Нельзя мужу жану біці.

Нельзя мужу жану біці:

Жана й маладая.

Жана й маладая.

 

Нада яе навучаці.

Нада яе навучаці

Ўсякай рабоце.

Ўсякай рабоце.

 

Шыці, прасці, кросны ткаці.

Шыці, прасці, кросны ткаці.

Пасцель белу слаці.

Пасцель белу слаці.

 

Пасцель мая пуховая.

Пасцель мая пуховая.

Сама чарнабровая.

Сама чарнабровая.

 


 

 

 

 

 

 

 

Ой, я малада…

 

Ой, я малада

Па лузе хадзіла.

Па лузе, па лузе,

Па лузе хадзіла.

Ой, я малада

Каліну ламала.

Каліну, каліну,

Каліну ламала.

Ой, я малада

У рэчачку ўпала.

У рэчачку, у рэчачку,

У рэчачку ўпала.

Ой, я малада

Окуня спаймала.

Окуня, окуня,

Окуня спаймала.

Ой, я малада

На базар папала.

На базар, на базар,

На базар папала.

Ой, я малада

Гаршчочак купіла.

Гаршчочак, гаршчочак

Гаршчочак купіла.

Ой, я малада

Окуня зварыла.

Окуня, окуня,

Окуня зварыла.

Ой, я малада

Мілага карміла.

Мілага, мілага,

Мілага карміла.

***

 

У лузе пры даліне…

 

У лузе пры даліне

Па шолкавай траве

Хадзілі-гулялі пара галубей.

Хадзілі-гулялі, любаваліся,

Сізымі крыламі абдымаліся.

Адкуль узяўся ахотнік –

Пару разлучыў:

Ён голуба застрэліў,

Галубку злавіў.

Прынёс яе дадому,

Пусціў яе да долу.

Насыпаў аўса ёй,

Налеяў вадзіцы.

Аўса не клявала,

Вады не піла,

Усё ў сад паглядала –

Мілага ждала.

Аўса не клюеш ты,

Вадзіцы не п’еш,

Усё ў сад паглядаеш,

Скажы, каго ждзеш?

Адкуль узяліся

Семсот галубей?

Ідзі, выбірай жа

Хто сэрцу мілей.

Хадзіла, выбірала –

Выбраць не магла:

Няма майго мілога,

Каторага ждала.

***

 

У полі вядзерачка

 

Ой, у полі азярэчка, там плавала вядзерачка –

Сасновы клёпкі, дубова дзенца,

Не цурайся майго сэрца.

 

Яно плавала па мору трое сутак з вадою.

Выйдзі, дзяўчына, выйдзі, любчына,

Пагаворым мы з табою.

 

Я бы рада выхадзіці, з табой, мілы, гаварыці,

Ляжыць нялюбы па правай ручцы,

Дык баюся разбудзіці!

***

 

Вецер вее, павявае

 

Вецер вее, павявае.

Маці ў дочкі да пра жыццё  пытае.

 

Пытай, маці, да ў шэрай вутачкі,

Шэра вутка да на моры начуе,

Яна начуе да ўсё горачка чуе.

 

Перва гора, што свякруха ліхая,

Друго гора, што дзяціна малая.

Трэця гора – мяне муж пакідае.

***

 

Дакрануўся месяц да белае хмаркі…

 

Дакрануўся месяц да белае хмаркі,

Пастаяў хвілінку і ўмчаў.

Я адзену белу, белую хусцінку,

Каб мяне мой мілы ўзнаваў.

 

Вот пайду я лугам, лугам-даліною,

Стану, стану пад зялёны клён.

Бачу, ідзе мілы, ка мне не падходзіць,

Чаму ж прайшоў ён стараной.

 

Ой, пайду я следам, следам той дарогай,

Стану на акраіне сяла.

Белая хусцінка, белая хусцінка,

Да чаго ж мяне ты давяла!

***

 

Я пайду на тую гору…

 

Я пайду на тую гору,

Пагляджу на ту даліну.

Даліна шырока, каліна высока –

Аж да долу голле гнецца.

 

А  пад тою каліною

Хлопец з дзеўкаю гуляе.

Яна плача, слёзы пралівае,

Сваю долю праклінае.

 

Каб я знала сваю долю,

То б я замуж не хадзіла.

Я ў роднай мамкі і роднага таткі

Як вішанька расцвітала.

 

Замуж выйсці трэба  знаці -

Позна легці, рана ўстаці.

Позненька лягала, раненька ўставала,

Сваю долю праклінала.

 

Ой, ты, доля, мая доля,

Ой, чаму ж така нядобра.

Пазнюсенька лажылася, ранюсенька ўставала –

Сваю долю не ўгадала.