- Подробности
- Опубликовано: 22 Март 2021
ДУК “Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Бабруйскага раёна”
Рэдкарожская сельская бібліятэка
Падарожжа вулачкамі пасёлка Рэдкі Рог

Складальнік: бібліятэкар Рэдкарожскай сельскай бібліятэкі Дзьобік В.А.
Малая радзіма… Для кожнага чалавека, хто нарадзіўся і жыве тут, у цудоўным лясным куточку Бабруйшчыны, існуе гэта паняцце.
Брожа і Ласі, Рэдкі Рог і Макаравічы, Ворсічы… Цудоўныя вёсачкі, што згубіліся ў неабсяжных лясных масівах…
Малая радзіма… Тут твае карані, тут цвіло тваё дзяцінства, тут ад кожнага дрэўца вее знаёмым родным водарам, у кожным спеве птушак і цурчанні раўчука ўгадваецца гучанне матчынай песні, тут і трава больш мяккая і шаўкавістая, і неба болей высокае і сіняе, і сонца, здаецца, нават свеціць ярчэй. І людзі тут жывуць працавітыя і таленавітыя.
Я запрашаю вас здзейсніць падарожжа па вулачках паселка Рэдкі Рог, якіх тут ажно трынаццаць. Чаму кожная з іх мае менавіта гэту назву? Хто і калі даваў назвы вуліцам і сыходзячы з якіх фактаў? Менавіта гэтыя задачы і трэба было вырашыць мне, бібліятэкару, адправіўшыся з роспытамі да ветэранаў працы былога ўжо торфапрадпрыемства “Рэдкі Рог”. І вось што атрымалася даведацца.
Пасёлак Рэдкі Рог… Нехта з нас тут нарадзіўся і вырас, нехта – прыехаў, але ўсе мы аднолькава любім гэты куточак Бабруйшчыны з яго высокімі стройнымі соснамі і елкамі, ніцымі вербамі і беластвольнымі бярозамі.
Рэдкі Рог
Рэдкі Рог - запаветны куток,
Быў калісьці мядзвежы, ласіны.
Між тарфяных балот астравок,
Між лясоў астравок салаўіны.
Рэдкі Рог - ні турбот, ні трывог.
Толькі песня і дзесь балалайка,
Веснавы, залаты вечарок
Адкрывае Ясеніна Чайка.
Не хачу,
А між волі лячу,
Быццам птушка, лячу на хвілінку,
I "ау!" закрычу і маўчу;
Мо здалёк адгукнецца Фаіна.
Кірмашы –
Імяніны душы.
Адступаюць героі і тэмы.
Разгарні ўспамін і пішы,
I пішы сабе верш ці паэму.
Караваны - бы спіны зуброў.
Край на ўмельцаў і справы багаты.
Тут я даў Ганібалаў зарок –
Быць з народам у будні і святы.
Рэдкі Por –
Мой жыццёвы парог.
ІІІмат разоў памянялася лісце.
Я пайшоў... Ды застаўся душой,
Там, дзе зорныя дні засталіся.
Аўтар верша – вядомы беларускі перакладчык, пісьменнік, паэт Мікола Янчанка, які скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута (1956) і быў накіраваны настаўнікам гісторыі у Брожскую сярэднюю школу (1956—1961).

Мікола Янчанка
Гісторыя пасёлка пачынаецца з 1946 года, пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Сюды прыязджаюць добраахвотнікі з усёй рэспублікі. Толькі часовых рабочых было амаль дзве тысячы, не лічачы тых, хто ўладкаваўся тут жыць пастаянна. Паступова пасёлак забудоўваецца, прырастае вуліцамі. Усяго іх “вырасла” 13. Паспрабую падзяліць іх на нейкія своеасаблівыя катэгорыі.
Катэгорыя першая. “У гонар знакамітых людзей”
Гэта вуліцы – Леніна, Суворава, Пушкіна і (увага!) Пахоменкі.

вуліца Леніна
вуліца Суворава

вуліца Пушкіна
Калі з першымі трыма назвамі даволі ўсё заканамерна, то х ж такі Пахоменка? Дык вось, Іван Васільевіч Пахоменка – адзін з дырэктараў торфапрадпрыемства “Рэдкі Рог”, з будаўніцтвам якога і вырас сам пасёлак. Як успамінаюць старажылы, Іван Васільевіч працаваў дзесьці ў 50-я - 60-я гады ХХ стагоддзя. Менавіта на яго плечы і лягло асноўнае будаўніцтва як прадпрыемтсва, так і пасёлка. На жаль, больш дакладных дат устанавіць не атрымалася, як і знайсці фота дырэктара. А вось хата яго захавалася. І знаходзіцца яна, вядома ж, на вуліцы Пахоменкі, якая спачатку мела назву Падлесная. Але ўлічваючы ўклад Івана Васільевіча ў будаўніцтва Рэдкага Рога і той факт, што гэта быў вельмі чулы і справядлівы чалавек, які нікому не адказваў у дапамозе, было прынята рашэнне дзесь у 1983 годзе перайменаваць тагачасную вуліцу Падлесную ў вуліцу Пахоменкі. Гэта адзіны выпадак перанайменавання вуліц у Рэдкім Розе.

Сюды штолета прыязджаюць унукі былога дырэктара.
Катэгорыя другая. “У гонар знакамітых падзей”
Сюды я аднесла такія назвы вуліц, як Савецкая, 60 гадоў СССР, Завадская. Зараз растлумачу. Савецкая – у гонар савецкай улады, 60 гадоў СССР таксама зразумела.
вуліца Савецкая

вуліца 60 гадоў СССР
А вось вуліца Завадская – самая маладая, будавалася у гонар новай другой чаргі торфаперапрацоўчага завода. Чакалася, што будзе цэнтральнае ацяпленне ад новага завода, газіфікацыя і іншыя выгоды цывілізацыі. Аднак гэтым планам не наканавана было спраўдзіцца: няма ні газу, ні завода. А вось вуліца Завадская ёсць! Ды такая прыгожая! І людзі тут жывуць цудоўныя, неабыкавыя да сваёй вуліцы – імкнуцца зрабіць яе ўтульнай і чыстай.

Катэгорыя трэцяя. “Па месцы знаходжання”
Да гэтай катэгорыі я аднесла адну вуліцу – Лясную. Тут таксама асаблівых сакрэтаў няма. Гэта вуліца плаўна перацякае ў лясны масіў. Калі выпадае ягадны ці грыбны год, то суніцы і апенькі шчыльна падыходзяць да брамак сяльчан.

Катэгорыя чацвёртая. “Сузор’е гарадоў”
Самая вялікая катэгорыя. Уключае вуліцы: Бабруйская, Брэсцкая, Варшаўская, Маскоўская, Слуцкая.
А цяпер самае цікавае. Вуліца Бабруйская накіроўвае жыхароў пасёлка ў раённы цэнтр – горад Бабруйск.

Што датычыць вуліцы Брэсцкай, то раней на месцы яе знаходжання было балота, вакол якога расло многа бяроз. І называлася яно “Бярэсце”. А паколькі вядомы беларускі горад Брэст некалі называўся Бярэсце, то адсюль і назва вуліцы.

Далей акунёмся ў гісторыю вуліцы Варшаўскай. Яна таксама даволі цікавая. Першымі свае хаты пабудавалі палякі – сем’і Караткевічаў і Бажычкаў. І калі паўстала пытанне аб назве вуліцы, то дырэктар торфапрадпрыемства (на той час гэта быў Крук Мікалай Іванавіч) сказаў: “Няхай нашы палякі жывуць у Варшаве”.
хата Караткевічаў
хата Бажычкаў
Заглянем і у гісторыю вуліцы Маскоўскай. Тут даволі ўсё проста – так яна названа ў гонар тагачаснай сталіцы нашай Радзімы - СССР - горада Масква.


І апошняя вуліца – Слуцкая, гісторыя назвы якой аднатыпная з назвай вуліцы Варшаўскай: першыя пасяленцы на ёй былі выходцамі са слуцкіх зямель. Як ад сонца адыходзіць праменьчык, так ад вуліцы Бабруйскай адыходзіць вуліца Слуцкая, якая з ранняй вясны да позняй восені патанае ў квецені садоў і зеляніне.
- Подробности
- Просмотров: 2870

