- Подробности
- Опубликовано: 10 Апрель 2019
Беларуская чыгунка
Станцыя “Брожа”

19 ліпеня (1 жніўня) 1914 года пачалася першая сусветная вайна. Ветка чыгунак захаду Расіі не магла забяспечыць рэзка ўзрослы (да 50%) аб'ём пера-возак. Стала пытанне пра значнае яе развіццё (будаўніцтва новых ліній, кладка другіх шляхоў), а гэта патрабавала, нароўні з рэйкамі, вялікай колькасці драўніны для вырабу шпал, будаўніцтва мастоў і іншых збудаванняў.
25 ліпеня (7 жніўня) 1915 года міністр шляхоў зносін С.В.Рухлаў звярнуўся ў Кабінет Міністраў з прашэннем пра водпуск сродкаў на пабудову некалькіх лесавозных чыгуначных ветак, у тым ліку і ад станцыі “Бабруйск” да мястэчка Рудабелка (валасны цэнтр). У сувязі з ваенным часам было прынята рашэнне пра яе будаўніцтва.
Будаўнічыя работы вяліся паскоранымі тэмпамі. Шлях праходзіў сярод векавых лясоў па малазаселенай мясцовасці. Складанае ваеннае становішча дазволіла давесці будоўлю да канца 1916 года толькі да 51-й вярсты, дзе сярод балот і была пабудавана канчатковая станцыя “Ратміравічы”, а на 21-й вярсце - станцыя “Брожа”. Ветка ўсё ж стала звацца "Рудабельскай" і выкарыстоўвалася для вывазу лесу.
Падчас грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ветка не была запатрабавана. Толькі з аднаўленнем народнай гаспадаркі ў 20-я гады аднавілася нарыхтоўка і вывазка лесу. У вялікай колькасці драўніна паступала на пабудаваны ў 1929 годзе адзін з самых буйных ў Еўропе фанера-дрэваапрацоўчы камбінат у Бабруйску.
Асноўным спосабам зносін па руху цягнікоў з'яўлялася жэзлавая сістэма Трэгера. Для аднаўлення руху пры яе няспраўнасці на ўсіх станцыях меліся апараты Морзэ.
Станцыйны штат: начальнік, чатыры дзяжурных па станцыі і чатыры стрэлачнікі. На станцыях з грузавой работай і наяўнасцю багажу меліся вагаўшчыкі. Кадры станцыйных работнікаў рыхтаваліся з мясцовага насельніцтва, адукацыя якіх была не ніжэй трох класаў. Яны праходзілі на месцы навучанне чыгуначным правілам у дасведчаных работнікаў, здавалі іспыты і дапускаліся да самастойнай працы. Сярэдняй адукацыі ніхто з іх не меў. Толькі ў канцы 30-х гадоў дзяжурных па станцыі сталі рыхтаваць у Жлобінскім курсавым камбінаце з ліку стрэлачнікаў.
Участак быў маладзейны. У суткі праходзіла 2-3 пары цягнікоў: паштовы, зборны, а часам - прамы таварны.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны шлях быў перашыты немцамі на вузкую каляіну, і ўчастак выкарыстоўваўся для перакідкі жывой сілы, тэхнікі і вывазу нарабаванага дабра. У гэтым лясным краі вельмі актыўна дзейнічалі парты-занскія атрады. Яны ўзрывалі шлях, масты, пускалі пад адхон цягнікі, наносілі ўдары па жывой сіле і тэхніцы ворага. Шматлікія чыгуначнікі, якія не былі мабілізаваны ў войска, пайшлі ў партызаны.
Адразу пасля вызвалення мясцовасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у жніўні 1944 года загадам начальніка Жлобінскага аддзялення службы руху Сіманенка начальнікам станцыі “Брожа” быў прызначаны П.В.Пагірэйчык.
Толькі на станцыі “Брожа” захаваўся драўляны пасажырскі будынак, на іншых станцыях яны былі спалены.
У лютым 1948 года пачала працаваць тупіковая станцыя “Рабкор”. Для забеспячэння прыёму і адпраўлення цягнікоў было выкладзена два шляхі і невялікі пагрузна-выгрузны тупік, наладжана водазабеспячэнне паравозаў.
На ўсім участку былі адноўлены электражэзлавая сістэма і сувязь, стрэлкі абсталёўваліся замкамі Мяленцьева, ключы ад якіх захоўваліся на маршрутна-кантрольных дошках.
Пачаў курсіраваць грузапасажырскі цягнік з Бабруйска да Рабкора. У яго склад уключаліся два драўляныя пасажырскія вагоны і грузавыя вагоны пад пагрузку і выгрузку. Адпраўляўся ён са станцыі “Бабруйск” раніцай і вяртаўся ўвечар, збіраючы вагоны, на якіх завяршыліся грузавыя аперацыі. На ўсіх станцыях была арганізавана пагрузка лесу.
Для забеспячэння Бабруйскай ЦЭЦ фрэзерным торфам былі адкрыты пад'язныя шляхі на 5-ым кіламетры перагона Бабруйск-Брожа торфапрадпрыемства “Туголіца” з філіялам таварнай канторы, а на станцыі “Брожа” - торфапрадпрыемства “Рэдкі Рог”. Торф вывозіўся саставамі дыспетчарскім лакаматывам.
У 1964 годзе на ўчастку ад Брожы да Рабкора ўводзіцца рух цягнікоў па загадах цягніковага дыспетчара. Гэта дазволіла скараціць стрэлачнікаў і пакінуць толькі па аднаму дзяжурнаму па станцыі.
З сярэдзіны 60-х гадоў кацельні сталі пераводзіць на вадкае паліва. Адпала неабходнасць у фрэзерным торфе. У выніку былі зняты пад'язныя шляхі на перагоне Бабруйск-Чырвоны Брод торфапрадпрыемства “Туголіца” і на станцыі “Брожа” – торфапрадпрыемства “Рэдкі Рог”.
У 1970 годзе начальнікам станцыі “Брожа” працаваў Валянцін Іванавіч Мікуліч, дзяжурнымі па станцыі - Мікалай Пятровіч Міхлюк, Пётр Іосіфавіч Верас, Максім Палікарпавіч Верас і Мікалай Фёдаравіч Болбас, таварным касірам - Пётр Вікенцьевіч Пагірэйчык.
Ужо праз год прыгарадны састаў з суцэльнаметалічных вагонаў быў заменены дызель-цягніком.
У сакавіку 1990 года ўводзіцца электрычная цэнтралізацыя станцыі “Брожа” і рэлейнае паўаўтаматычнае блакаванне на перагоне Чырвоны Брод-Брожа.
Не стала багажу. Продаж квіткоў выконваюць дзяжурныя па станцыі.
Па стану на 1 студзеня 2003 года начальнікам станцыі “Брожа” працуе Любоў Іванаўна Болбас (з 1992 г.), дзяжурнымі па станцыі - Ірына Мікалаеўна Болбас і Святлана Генадзьеўна Пірожнік.
На ўчастку маюцца наступныя станцыі і прыпынкавыя пункты: ст. Бабруйск, п.п. Дзеднава, п.п.Туголіца, ст. Чырвоны Брод, п.п. Глебава Рудня, ст. Брожа, п.п. Ворсічы, п.п. Мошны, п.п. Чорныя Брады, п.п. Заазершчына, ст. Ратміравічы, п.п. Оземля, ст. Бумажкова, п.п. Дуброва, п.п.Акцябрскі, ст. Рабкор.
- Подробности
- Просмотров: 6024

